Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб’яўляе аб правядзенні Усебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!».
Вялікая Айчынная вайна 1941 – 1945 гг. аставіла глыбокі след у гісторыі беларускага народа. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі 3 гады гарэла полымя ўсенароднага супраціўлення захопнікам. У барацьбе з германскімі агрэсарамі Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Беларускі народ захоўвае памяць аб загінуўшых. На тэрыторыі нашай краіны ўзведзена больш за 8,5 тыс. мемарыялаў, помнікаў і рукатворных Курганаў Славы. Вялікая ўвага звяртаецца на захаванне духоўнай памяці. Створаны сотні мастацкіх твораў і кінастужак. Айчынныя вучоныя апублікавалі каля 12 тыс. работ, у тым ліку ўнікальную 146-томную хроніку «Памяць», адзіны на постсавецкай прасторы вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».
Аднак у сучасных геапалітычных умовах, калі не спыняюцца спробы фальсіфікацыі і скажэння гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн, застаецца ўсё менш непасрэдных сведкаў і ўдзельнікаў ваенных падзей, неабходна захаваць для нашчадкаў кожны факт і дэталь – усё, што стала ўвасабленнем духоўнай моцы беларускага народа ў цяжкія ваенныя гады.
З мэтай увекавечання і захавання памяці пакалення пераможцаў Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступае з ініцыятывай Усебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!».
Нацыянальная акадэмія навук звяртаецца да мясцовых органаў улады, устаноў адукацыі і культуры, грамадскіх арганізацый, усіх грамадзян з просьбай разгарнуць работу па зборы ўспамінаў і фотаздымкаў удзельнікаў падзей вайны. Матэрыялы неабходна накіроўваць у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе будзе ажыццяўляцца збор інфармацыі і яе навуковая апрацоўка, падрыхтоўка адпаведных выданняў, стварэнне электроннай базы дадзеных.
Кантактны тэлефон і электронны адрас: (+375 17) 378-24-21 (д.г.н., прафесар Ліцвін А.М.), E—mail: voenhistbel@mail.ru
Падрабязней тут: http://history.by/chronicle_of_the_great_patriotic_war_remember_all/