Кіраўнік – Ідрысава Кацярына Іванаўна
Год стварэння – 1989
Год прысваення звання – 2002

За шматгадовы перыяд свайго існавання народны фальклорны гурт «Бабіна лета» развіваўся творча і прафесійна, набыў багаты рэпертуар, заслужыў павагу і прызнанне гледачоў.

Стваральнік і кіраўнік калектыва – Таццяна Піліпаўна Пушко, творчы і таленавіты чалавек. Яна тонка адчувала традыцыйную народную песню, вяла вялікую працу па адраджэнні абрадаў малой радзімы, цудоўна спявала і перадавала сваё майстэрства ўдзельнікам калектыва. З 2019 г. яна на заслужаным адпачынку.

Сёння гурт узначальвае Кацярына Іванаўна Ідрысава, якая на працягу многіх гадоў з’яўлялася яго ўдзельніцай. Яна ўважліва ставіцца да падбору рэпертуара, працягвае працу па зборы, захаванні і папулярызацыі мясцовых традыцый, народнай песні, абрадаў.

Гурт «Бабіна лета» вылучаецца асаблівай манерай выканання твораў, якая максімальна набліжана да аўтэнтычнага гучання народных песень. Адметнасць калектыву таксама надаюць касцюмы, зробленыя спявачкамі ў традыцыях строяў мясцовага адзення.

Калектыў з’яўляецца носьбітам і захавальнікам атрыманых у спадчыну абрадавых святаў: Каляды, Вандраванне Віфлеемскай зоркі, Масленіца, Гуканне вясны, Юр’еўскі абрад «Абход поля», Вялікдзень, Тройца, Купалле, Жніво, Вяселле і інш.

Творчасць калектыва адлюстравана ў шэрагу тэлепраектаў: у перадачы «Край» паказаны абрады «Хрэсьбіны» і «Квашанне капусты» (тэлеканалы «Беларусь – 3» і «Беларусь – 4», 2016 г.), «Упрыгожванне каравая» («Беларусь – 3», 2017 г.); у перадачы «Наперад у мінулае» – абрад «Каляда-Калядзіца» («Беларусь – 4», 2016 г.), вясельныя абрады «Запарожнікі» і «Упрыгожванне каравая» (2020 г.); у перадачы «Адраджаем беларускую кухню разам з брэнд-шэфам Арцёмам Ракецкім» (2020 г.) удзельніцы калектыву паказалі прыгатаванне аўтэнтычных аранчыцкіх страў.

Калектыў мае падзяку за зберажэнне традыцыйнай мастацкай культуры свайго рэгіёна і за ўдзел ў абласным этнаканцэрце «Радзіны» з цыкла «Рух зямлі». На мерапрыемстве «Спеўны сход» (г.Брэст, 2017 г.) удзельнікі гурта «Бабіна лета» далі майстар-клас па выкананні беларускіх фальклорных песень.

Удзельнікі гурта ладзяць этнаграфічныя экспедыцыі па зборы прадметаў побыту, запісваюць мясцовы фальклор.

Гурт «Бабіна лета» ўдзельнічае ў мясцовых мерапрыемствах, раённых, абласных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах, семінарах, майстар-классах. Гурт неаднаразова выступаў ў Рэспубліцы Польша.

Народны фальклорны гурт «Бабіна лета» адзначаны:
— дыпломам I-й ступені абласного свяца «Я родам са Стойлаў» у рамках Міжнароднага праекта «Вясковы рэнесанс» (в.Стойлы, Пружанскі раён, 2016);
— дыпломамі III-й ступені (2016 г.) і I-й ступені (2017 г.), рэгіянальнага фестывалі рэгіянальнага фестываля «Вістыцкі яблык» (в.Вісцічы Брэсцкага раёна), а салісткі В.Бартынёва і Н.Саўчук дыпломам II-й ступені ў намінацыі «Найгрыш з прыпеўкамі» (2017 г.) узгаданага фестываля;
— дыпломам I-й ступені рэгіянальнага свята вакальна-харавога мастацтва «Пеўчае поле» (г.Пружаны, 2017);
— дыпломам I-й ступені рэгіянальнага свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» (в.Грушаўка, Ляхавіцкі раён, 2018).

Па выніках 2016 г. народны фальклорны гурт «Бабіна лета» быў занесены на Дошку гонару Пружанскага раёна і атрымаў Ганаровы вымпел як лепшы калектыў аматарскай творчасці раёна.