Народнаму хору ветэранаў “Чырвоны гваздзік” – 40 гадоў!

40-годдзе з дня стварэння адзначыў народны хор ветэранаў “Чырвоны гваздзік” Пружанскага гарадскога Палаца культуры.

Да гэтай юбілейнай даты быў прымеркаваны вечар, які адбыўся 7 лістапада 2022 года. У канцэртнай зале Палаца культуры сабралася шмат аматараў творчасці гэтага вядомага калектыву. Вядучыя сустрэчы нагадалі асноўныя этапы творчай біяграфіі хору ветэранаў, успомнілі яго кіраўнікоў і ўдзельнікаў. Прысутныя на мерапрыемстве атрымалі вялікую асалоду ад душэўнага і пранікнёнага выканання вядомых і любімых песень – “Радзіма мая, Беларусь”, “Сустрэча з домам”, “Выйду ў лугі”, “Скажите лебеди”, “Запавет” і інш., зарадзіліся энергіяй і аптымізмам выканаўцаў.

Удзельнікі калектыву радавалі гледачоў сваёй творчасцю, а ў адказ прымалі віншаванні і заслужаныя ўзнагароды. Так, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч уручыў народнаму хору ветэранаў грамату, якую прыняла сённяшні кіраўнік хору Юлія Пропер.

Узнагароды і падарункі харысты таксама атрымалі ад дырэктара Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка і старшыні раённай арганізацыі “Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў” Уладзіміра Яцкевіча. Дырэктар Пружанскага гарадскога Палаца культуры Аксана Кавалевіч уручыла кожнаму ўдзельніку хору падзячныя лісты і падарункі. Творчаму калектыву таксама быў перададзены дыплом ІІІ ступені XVI Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”.

Юбілярам свае нумары падаравалі народны ансамбль танца “Спадчына” (кіраўнік Валянціна Іскаліева) і калектыў Белавусаўшчынскага сельскага клуба-бібліятэкі.

Трэба адзначыць, што за 40 гадоў існавання хор “Чырвоны гваздзік” стаў сапраўднай сям’ёй. Ён аб’яднаў актыўных і нераўнадушных  людзей “залатога ўзросту”, улюбёных у песню. Хор мае свайго гледача, карыстаецца павагай і з’яўляецца сапраўдным ўпрыгажэннем любога канцэрта.

Новых поспехаў, шаноўныя ветэраны! З 40-гадовым юбілеем, “Чырвоны гваздзік”!

Падрабязней тут: https://www.youtube.com/watch?v=VCk0Cindh2A

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий