Летнія канікулы – вялікая радасць для рабят. Каб дзіцячы адпачынак быў карысным і цікавым, клубныя ўстановы раёна прапануюць далучыцца да розных спраў.
Так, Кляпацкі сельскі Дом культуры запрасіў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць у аграгарадку і прыехалі ў госці да родных, паспаборнічаць у спартландыі “Азбука спорту”. Падчас мерапрыемства дзеці праявілі свой спрыт, кемлівасць і фізічную падрыхтоўку.
Гульнявую праграму “Горад дзяцінства” са шматлікімі конкурсамі, рухавымі гульнямі і інтэлектуальнымі практыкаваннямі прапанаваў Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры. Для юных аматараў творчасці ва ўстанове прайшоў конкурс малюнака на шкле “Малюем лета”.
Шаняўскі сельскі клуб-бібліятэка зладзіў гульнявую праграму “Якое шчасце гэта лета!”, дзе школьнікі праявілі сябе ў конкурсах і эстафетах. Да таго ж работнікі ўстановы культуры прапанавалі дзецям паўдзельнічаць у віктарыне “Целебное лукошко” і папоўніць свае веды аб карысных раслінах, якія можна сустрэць навокал.