Мы сябруем з роднай мовай

21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.

Да гэтай даты Ружанская гарпасялковая бібліятэка правяла для пяцікласнікаў конкурсную праграму «Пагуляем у роднае слова». Падзяліўшыся на дзве каманды, рабяты складалі словы, перакаладалі, успаміналі прыказкі, падбіралі сінонімы і антонімы, а таксама пісалі дыктоўку.

Для пастаянных чытачоў сталага ўзросту Ружанская гарпасялковая бібліятэка прапанавала урок беларусазнаўства «Жывое ў вяках беларускае слова». Мерапрыемства прайшло ў форме спаборніцтва. Госці займаліся перакладамі, тлумачылі фразеалагізмы, успаміналі аўтараў беларускіх твораў, «шукалі», хто схаваўся за псеўданімамі. Падчас сустрэчы прагучала шмат вершаў і песень айчынных паэтаў.

Інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Сябры роднай мовы» прайшла ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы. Дзве каманды прадэманстравалі свае веды ў перакладах, разгадванні рэбусаў, веданні славутых дзеячаў беларускай культуры. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выства «Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся!».

Кляпацкая сельская бібліятэка запрасіла школьнікаў на літаратурна-інтэлектуальную гульню «Чароўнае кола». Дзеці даведаліся аб гісторыі ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, выканалі разнастайныя заданні, паказалі сваё веданне роднай мовы і літаратуры.

На камандны конкурс знаўцаў «У роднай мовы – роднае карэнне» у Пружанскую раённую дзіцячую бібліятэку імя А.Лось завіталі вучні гімназіі і сярэдняй школы № 1. У спаборіцтве хлопчыкі і дзяўчынкі з абедзвюх устаноў адукацыі адказвалі на пытанні аб роднай краіне і мове, спрабавалі сябе ў якасці паэтаў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий