Вельмі насычаным на падзеі быў пачатак снежня ў Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў.
Так, да 85-гадовага юбілею Брэсцкай вобласці і Пружанскага раёна супрацоўнікі музея падрыхтавалі віртуальную фотадакументальную выставу «Ружаны скрозь гады…». Выставачны праект транслюецца ў музеі, шырокая грамадскасць можа пазнаёміцца з ім на афіцыйным сайце ўстановы культуры па спасылцы: http://rozana.by/ruzhany-skvoz-goda/. Матэрыялы, сабраныя супрацоўнікамі, апавядаюць аб сацыяльна-эканамічным развіцці г.п.Ружаны, былога Ружанскага раёна (1940 – 1962 гг.): прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, культуры і адукацыі. Падчас віртуальнага падарожжа ў мінулае можна даведацца аб дасягненнях рэгіёна ў розных галінах і выдатных асобах ад часу стварэння Ружанскага раёна ў 1940 г. да сённяшняга дня.
Да Міжнароднага дня інвалідаў ва ўстанове прайшла акцыя «Музей у кармане!». Яе удзельнікі – людзі з абмежаванымі магчымасцямі – маглі пабываць ва ўсіх залах пры сканіраванні QR-коду, размешчанага ў касе.
Сумесна з настаяцелем храма святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандрам Сенем у музеі была арганізавана выстава ікон і прадметаў царкоўнага культу «Святло веры праваслаўнай». 6 снежня адылося яе ўрачыстае адкрыццё, першую экскурсію правёў святар Аляесандр Сень. Ён расказаў аб кожным прадмеце, пазнаёміў прысутных з гісторыяй Ружанскага праваслаўнага прыхода. Выстава «Святло веры праваслаўнай» будзе працаваць у музеі да 2 лютага 2025 года.