Бібліятэкі – месцы, дзе захоўваюцца сапраўдныя скарбы мудрасці, дабрыні, ведаў. У гэтым можна ўпэўніцца любы наведвальнік установы культуры.
Далучыцца да багаццяў беларускай мовы нядаўна прапанавала Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма. Для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа бібліятэкары зладзілі інтэлектуальную гульню “Роднае слова”.
Работнікі Пружанскай гарадской бібліятэкі правялі для чацверакласнікаў джэнтэльмен-шоу “Нашай арміі любімай дзень нараджэння ў лютым”. Дзеці спаборнічалі ў розных конкурсах, адгадвалі загадкі і рэбусы.
Новазасімавіцкая сельская бібліятэка запрасіла юнакоў і дзяўчат на сяточную праграму “На абароне Айчыны”. Падчас мерапрыемства падлеткі праявілі эрудзіцыю, спрыт, кемлівасць і веды. А дзяўчаты падрыхтавалі для сваіх аднакласнікаў віншаванні ў вершах.
Магілявецкая сельская бібліятэка прапанавала школьнікам віктарыну “Мудрэц з душой дзіцяці” па творчасці Віталя Біянкі. Рабяты паказалі свае веды і зрабілі інсцэніроўку казкі “Ліс і мышаня”.
Для вучняў пачатковых класаў Ружанскай сярэдняй школы гарпасялковая бібліятэка зладзіла сустрэчу з вядомым дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыя. Дзеці з цікаўнасцю паслухалі аповед літаратара аб жыцці і творчасці, задалі шмат пытанняў і расказалі аб творах, якія яны прачыталі.
Незвычайнае мерапрыемства прапанавала дарослай аўдыторыі Ружанская гарпасялковая бібліятэка – віктарыну “Загадка – для розуму зарадка”. На сустрэчы чытачы рашалі заданні на логіку, кемлівасць, разгадвалі загадкі, рэбусы, шыфры і інш.
Разнастайны і карысны вольны час прапануюць бібліятэкі сваім наведвальнікам.