Мастацкая выстава «Эмоцыі» ў Ружанах

У дзяржаўнай установе культуры «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» з 1 лютага 2024 года пачала працаваць выстава мастацкіх работ мінчаніна Сяргея Ляшко «Эмоцыі». А 16 лютага ў музеі адбылася творчая сустрэча з аўтарам, якую наведалі прадстаўнікі мясцовай грамадскасці і госці.

Сяргей Ляшко доўгі час з’яўляўся артыстам балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». Завяршыўшы артыстычную кар’еру, ён працаваў на дзяржаўнай службе.

Таленавіты чалавек праявіўся ў розных сферах. У гэтым упэўніліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы. С.Ляшко расказаў аб сваёй творчасці, разам з жонкай выканаў венскі вальс, правёў экскурсію па выставе, адказаў на пытанні прысутных.

Аўтар захапляецца жывапісам шмат гадоў. На палотнах ён імкнецца перадаць свае ўражанні і эмоцыі. Значную частку яго твораў складаюць пейзажы, якія адлюстроўваюць розныя мясціны, наведаныя Сяргеем Леанідавічам падчас шматлікіх падарожжаў. Цікавасць прадстаўляюць абстрактныя работы мастака. Унікальная візуальная мова аўтара запрашае паглыбіцца ў падсвядомасць, пафантазіраваць і паразважаць над убачаным.

Вынік шматгадовай працы С.Л.Ляшко склаў аснову першай персанальнай выставы мастака. На ёй мастак дзеліцца з гледачамі сваімі пачуццямі, уражаннямі і перажываннямі.

Выстава мастацкіх работ Сяргея Ляшко «Эмоцыі» будзе працаваць у Ружанскім палацавым комплексе роду Сапегаў да канца сакавіка 2024 года.

Запрашаем наведаць!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий