У мінулыя выхадныя ў клубных установах Пружаншчыны прайшлі разнастайныя мерапрыемствы. Найбольш сярод іх было прысвечана Дню бацькі.
Напрыклад, у Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы прашоў вечар адпачынку “Мой тата самы-самы дарагі”. Удзельнікі сустрэчы з ахвотай прынялі ўдзел ва ўсіх конкурсах і гульнях, якія прапанавалі работнікі культуры. Але галоўным падарункам для бацькоў сталі песні і вершы ў выкананні дзяцей. Завяршылася мерапрыемства святочным сямейным чаяпіццем .
Вучні групы падоўжанага дня мясцовай школы наведалі дзіцячую гадзіну “Татуля, сёння твой дзень!” у Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся пра свята, разгадалі загадкі і адказалі на пытанні інтэлектуальнай віктарыны, а таксама развучылі песню і зрабілі папяровыя самалёцікі-пажаданні для сваіх татаў.
Калектыў Роўбіцкага сельскага клуба-бібліятэкі ў святочны дзень наведаўся ў сем’і жыхароў аграгарадка, каб павіншаваць мужчын з Днём бацькі.
Конкурс дзіцячых малюнкаў на асфальце “Мама, тата, я – найлепшая сям’я” зладзіў Мураўскі сельскі Дом культуры.
А ў Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры рабяты паўдзельнічалі ў майстар-класе “Татаў гальштук”.
Дзень здароўя для вучняў малодшых класаў сярэдняй школы правёў Слабудскі сельскі Дом культуры. Хлопчыкі і дзяўчынкі з радасцю паўдзельнічалі ў спартыўна-забаўляльных спаборніцтвах.