Людміле Яроцкай прысвоена званне Народнага майстра Беларусі

 

Падчас святкавання Дня працы Людміле Міхайлаўне Яроцкай з вёскі Смаляніца ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Грышкевіч уручыў важны дакумент – Пасведчанне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб прысваенні такога высокага звання нашай зямлячцы было прынята Экспертным саветам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь яшчэ ў снежні 2024 г., але дакументы аб гэтым прыбылі нядаўна.

Трэба адзначыць, што Людміла Міхайлаўна – гэта трэці прадстаўнік Пружаншчыны, які ўдастоены такога звання. У 2003 г. яго атрымаў майстар драўлянай пластыкі Мікалай Васільевіч Тарасюк (в.Стойлы), а ў 2009 г. – Марыя Мікалаеўна Кулецкая (г.Пружаны), якая адрадзіла «роспіс па шкле».

Людміла Яроцкая з’яўляецца прадаўжальнікам і папулярызатарам традыцый мясцовага ткацтва і вышыўкі (гладзь, крыжык). Яна зберагае навыкі і прыёмы, атрыманыя ад продкаў, займаецца рэканструкцыяй народных касцюмаў, збірае прадметы народнай творчасці, якія прадстаўляе ў этнаграфічным кутку філіяла «Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры» дзяржаўнай установы культуры «Пружанскі раённы цэнтр культуры», перадае свае веды маладому пакаленню ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў клубнай ўстанове. Л.М.Яроцкая таксама з’яўляецца захавальнікам многіх мясцовых абрадаў, аўтэнтычнага песеннага і танцавальнага фальклору, кулінарнай культуры і інш.

Майстар, арыентуючыся на прыклады народных умельцаў мінулага, не толькі зберагае іх спадчыну, але і творча перапрацоўвае, ствараючы аўтарскія вышытыя і тканыя творы.

Людміла Яроцкая – актыўны ўдзельнік розных мерапрыемстваў, выставаў, фестываляў, конкурсаў народнай творчасці. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і дыпломамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 2022 г. яна была занесена да Дошку гонару Пружанскага раёна.

У 2023 г. Людміла Міхайлаўна прымала ўдзел у стварэнні маштабнага палатна «Культурная спадчына Беларусі» і вышыла на стылізіванай карце краіны своеасаблівы сімвал Пружаншчыны – голуба са «шкляной» карціны Народнага майстра Марыі Кулецкай. У гэтым жа годзе Л.М.Яроцкая стала адной з удзельніц стварэння кнігі «Пружанская кулінарыя», а потым прэзентавала выраб унікальнай мясцовай стравы – бацваноў – у тэлепраекце «Беларуская кухня». У 2024 г. падчас рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» шмат работ Людмілы Міхайлаўны, яе матулі і бабулі, а таксама твораў мясцовых ткачых, беражліва сабраных майстрыхай, былі прадстаўлены на выставе «Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфараў». Яна пастаянна ладзіць майстар-класы для жадаючых пазнаёміцца з ткацтвам і вышаўкай. Дарэчы, у сакавіку 2025 г. з яе творчасцю пазнаёміліся ўдзельнікі рэспубліканскага семінару-практыкуму «Захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны праз пераемнасць пакаленняў», які праходзіў на базе Пружанскага раёна.

Людміла Міхайлаўна Яроцкая – унікальны майстар, які зберагае і транслюе традыцыі мясцовай народнай культуры.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий