Лесвіца поспеху

У гарадскім парку 1 чэрвеня прайшло традыцыйнае раённае свята дзіцячай творчасці «Лесвіца поспеху», прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей і арганізаванае Пружанскім раённым цэнтрам культуры.

У пачатку мерапрыемства з віншаваннем да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама М.Грышкевіч. Акрамя добрых слоў, адрасаваных юнаму пакаленню, ён уручыў ордэны маці А.Місюлі і Н.Кунахавец.

Канцэртная праграма была прадстаўлена вялікай колькасцю творчых нумароў дзіцячых калектываў горада і раёна. Удзел у свяце прынялі шматлікія філіялы раённага цэнтра культуры, дзіцячыя школы мастацтваў Пружан, Шарашова, Лінова і Новых Засімавічаў. Шэраг нумароў падрыхтавалі вучні сярэдніх школ. Праграму вялі Д.Крэтава і М.Зеляняк.

Ва ўрачыстай абстаноўцы былі падведзены вынікі VII раённага мастацкага конкурсу імя А.Лось, прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які праводзіла Пружанская цэнтральная раённная бібліятэка імя М.Засіма. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з карцінамі юных мастакоў – удзельнікаў конкурсу.

Для дзяцей быў зладжаны майстар-клас «Добрае сэрца» па маляванні далонямі, які правяла Н.Іванцова.

Таксама ў парку працавала выстава работ майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзейнічалі гульнявыя пляцоўкі.

Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі граматы і салодкія падарункі.

Завітала свята і да выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пас.Сонечны. Рабяты разам з бацькамі паўдзельнічалі ў гульнявой праграме «Сямейны фестываль», якую правяла А.Ціхановіч.

Свята дзіцячай творчасці ў Пружанах стала сапраўднай падзеяй для арганізатараў, удзельнікаў і гледачоў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий