Карысныя канікулы працягваюцца

Ва ўстановах культуры раёна праходзяць мерапрыемствы ў рамках акцыі “Карысныя канікулы”.

Так, у Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры працуе выстава мясцовага майстра Раісы Баюры “Саламяныя сувеніры”, якую можа наведаць любы жадаючы. Акрамя таго, падчас канікул для дзяцей быў зладжаны майстар-клас па лепцы з салёнага цеста. Рабяты, якія прыйшлі ў Дом культуры, даведаліся, што праца з такім незвычайным матэрыялам як салёнае цеста можа быць цікавай. Хлопчыкі і дзяўчынкі нарабілі з цеста сувеніраў у выглядзе “вусеняў”, “снегавікоў”, “талерачак”, “баговак”, якія забралі з сабой дамоў.

Гульнявая праграма “Лялечны цуд” прайшла ў Кляпацкім сельскім Доме культуры. Асноўнымі яе ўдзельнікамі сталі дзеці, якія наведваюць гурток “Рукадзелле”. Дзяўчаткі разам з кіраўніком гэтага  аматарскага аб’яднання Святланай Швед бліжэй пазнаёміліся з традыцыйнымі і казачнымі лялькамі, адказалі на займальныя пытанні. У канцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі атрымалі прызы.

Не засталіся ўбаку ад правядзення спраў для школьнікаў работнікі Ліноўскага сельскага Дома культуры. Для маленькіх наведвальнікаў яны правялі віктарыну “Па казачыных сцяжынках”. Напрыканцы праграмы дзеці размалявалі выявы сваіх любімых персанажаў з казак, а потым атрымалі салодкія сюрпрызы.

Новую віктарыну “Угадай песеньку”, якая з поспехам прайшла ў нядзелю ў Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу, на працягу тыдня правялі яшчэ раз. Моладзь з задавальненнем ўгадвала як знаёмыя сучасныя песні, так музычныя кампазіцыі, якія маюць папулярнасць у бацькоў. Апасля віктарыны ўсе жадаючыя мелі магчымасць паўдзельнічаць у спартыўнай гульнявой праграме “Здорово здоровым быть”.

Карысныя канікулы працягваюцца.

Добавить комментарий