У перыяд канікул у бібліятэках праходзіў Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі і акцыя “Карысныя канікулы”.
Сярод іншых мерапрыемстваў Ліноўская сельская бібліятэка правяла бібліятусоўку “У гасцях у казачнікаў”. Дзеці пазнаёміліся з біяграфіямі К.Чукоўскага і Г.Х.Андэрсена, паўдзельнічалі ў гульнях, адказалі на пытанні віктарын, паглядзелі мультфільм “Майдадыр”. Рабяты наведалі кніжную выставу “Добры дзядуля Карней”.
Белавусаўшчынская сельская бібліятэка сумесна з Домам культуры таксама правялі шэраг цікавых спраў, а 1 красавіка запрасілі мясцовых падлеткаў на конкурсна-гульнявую праграму “Гумарына для сяброў”. Да Міжнароднага дня птушак у бібліятэцы прайшла пазнавальная гадзіна “Суседзі па планеце: Птушкі”. Дзеці даведаліся шмат цікавага, разгадвалі крыжаванкі, складалі пазлы, знаёміліся з тэматычнай кніжнай выставай.
У Ружанскую дзіцячую бібліятэку неаднаразова прыходзілі выхаванцы прышкольнага лагера. Работнікі ўстановы прапанавалі дзецям здзейсніць цікавае падарожжа “З казкі ў казку”. Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў свяце “Кніга – лепшы сябар рабят”, падчас якога ўпэўніліся, што кніга – скарбніца мудрасці і ведаў. Не забыліся і пра бяспеку. Бібліятэкары зладзілі для школьнікаў пазнавальна-забаўляльную гульню “Чырвоны. Жоўты. Зялёны”. Дзеці адгадвалі тэматычныя загадкі, чыталі вершы, гулялі, глядзелі мультфільмы аб бяспечных паводзінах, успаміналі і замацоўвалі правілы дарожнага руху.
А Роўбіцкая сельская бібліятэка вырашыла засяродзіць увагу на Годзе гістарычнай памяці. Ва ўстанове прайшла літаратурна-музычная вечарына “Песня на ўсё жыццё” да 130-годдзя Р.Р.Шырмы. Прысутныя пазнаёміліся з біяграфіяй вядомага земляка і паглядзелі стужку “З глыбінь жыцця”. Таксама адбылася прэзентацыя выставы “Аб гэтым трэба памятаць! Аб гэтым нельга забыць!”, дзе можна пазнаёміцца з кнігамі і матэрыяламі аб Халакосце, канцлагерах і спаленых беларускіх вёсках.
Кніга – скарбніца мудрасці і ведаў. Трэба праводзіць свой час з карысцю!