Пад такой назвай у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» 22 сакавіка адкрылася выстава выцінанак Народнага майстра Беларусі Наталлі Кулецкай.
Выцінанка – від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які прадстаўляе сабой стварэнне выразаных ажурных карункаў на паперы. Гэта традыцыйнае мастацтва ў Беларусі было асабліва папулярным у XIX – першай палове XX стст. Выцінанкамі ўпрыгожваліся вокны, сцены, паліцы, столь і покуць, аздабляліся абразы.
У 2024 г. Міжурадавы камітэт ЮНЕСКА ўключыў беларускую выцінанку ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Вялікая роля ў папулярызацыі і захаванні выцінанкі належыць таленавітаму беларускаму майстру Наталлі Кулецкай. Яе шлях да захаплення выцінанкай пачаўся ў 2002 г. Першыя спробы былі не вельмі ўдалымі, але настойлівасць прывяла да поспеху.
З цягам часу творы майстра атрымалі шырокую вядомасць, яны выстаўляліся на розных конкурсах і выставах. У 2019 г. Н.М.Кулецкая атрымала Гран-пры міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», прадставіўшы калекцыю выцінанкі «Народныя танцы».
Сёння Наталля Міхайлаўна стварае розныя вырабы: фіранкі на вокны, карункі для ўпрыгожвання паліц, рамак з фатаграфіямі, абразоў, сурвэткі, ручнікі, жаночыя ўпрыгожванні, магніты, паштоўкі, сувеніры і інш. Яны ўражваюць дасканаласцю выканання, багаццем узораў і асаблівым нацыянальным каларытам. Дзякуючы свайму майстэрству і адданасці традыцыям, яна стала адным з захавальнікаў гэтага ўнікальнага віду дэкаратыўнага мастацтва.
Нягледзячы на насычаную творчую дзейнасць Наталля Кулецкая працягвае працаваць педагогам-дэфектолагам у Косаўскім дзіцячым садку. Яна ўкараняе выцінанку ў адукацыйны працэс, распрацоўваючы аўтарскія праграмы для дзяцей. Сярод іх – электронны дапаможнік, створаны на аснове казкі «Як курачка пеўня ратавала», які атрымаў высокую адзнаку на рэспубліканскім конкурсе «Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі».
На выставе «Карункі маіх пачуццяў», якая будзе працаваць у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» да 24 красавіка, прадстаўлена 60 работ Народнага майстра Наталлі Кулецкай.