“І казка ажывае…”: да 90-годдзя з дня нараджэння Алены Лось

22 студзеня ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася выстава “І казка ажывае…”, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння вядомай беларускай мастачкі Алены Георгіеўны Лось (1933 – 2013).

Алена Лось нарадзілася ў Вільні, але яе дзяцінства прайшло на Пружаншчыне – у Лыскаве, Магілёўцах і Ружанах. Яна закончыла Дзяржаўны мастацкі інстытут Літоўскай ССР (г.Вільнюс), аднак большая частка яе творчага жыцця была звязана з Мінскам.

Алена Георгіеўна працавала ў розных мастацкіх тэхніках і жанрах, але найбольшую вядомасць і прызнанне атрымала як ілюстратар кніг.

Усё жыццё мастачка цікавілася беларускай народнай творчасцю, занатоўвала ўзоры беларускіх вышывак і ткацтва, вывучала фальклор. У кнігах, аформленых А.Лось, заўсёды прысутнічалі “народныя” матывы. Амаль уся кніжная графіка Алены Георгіеўны была адрасавана дзецям. У казачных персанажах яна ўвасобіла ўражанні ад рэальнай беларускай прыроды і ўласнае бачанне рэчаіснасці.

Адной з любімых тэм у творчасці мастака былі таксама палявыя кветкі. Цікава, што букеты яна малявала на фоне пейзажу. А.Г.Лось сцвярджала, што кветкі, сарваныя і перанесеныя ў чужое для іх асяроддзе, страчваюць сваю прыгажосць.

Бліжэй пазнаёміцца з мастацкай спадчынай Алены Георгіеўны Лось можна ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” на выставе “І казка ажывае…”. Дарэчы, у фондах музея захоўваецца мемарыяльная калекцыя, прысвечаная творчасці славутай зямлячкі, якая налічвае 64 экспанаты. Большасць з іх была перададзена на захаванне ва ўстанову культуры самым аўтарам у 2008 годзе.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий