31 ліпеня 1812 года на пружанскай зямлі адбылася адна з найбуйнейшых бітваў паміж рускімі і французскімі войскамі – Гарадзечненская. Некаторыя лічаць яе своеасаблівай рэпетыцыяй баталіі пры Барадзіно.
У 1912 годзе дзеля захавання памяці аб падзеях 100-гадовай даўніны на месцы Гарадзечненскай бітвы была пабудавана капліца. Невялічкі культавы будынак, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, і сёння нагадвае нам аб мінулым роднага краю.
Недалёка ад гэтага помніка ў 2015 годзе пахавалі рускіх, нямецкіх, аўстрыйскіх і французскіх салдат, якія загінулі ў бітве пры Гарадзечна. Іх астанкі выявіў 52-і пошукавы батальён Міністэрства абароны.
У гэтым годзе адзначаецца 210-я гадавіна славутай бітвы. Жыхары Пружаншчыны памятаюць аб ёй і робяць усё магчымае, каб захаваць капліцу і вайсковыя могілкі ў годным стане.
9 чэрвеня работнікі ўстаноў культуры – раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і аўтаклуба, гарадскога Палаца культуры правялі чарговую працоўную акцыю і прымеркавалі яе да юбілею знакавай падзеі мінулага і Года гістарычнай памяці. Яны прывялі ў парадак вайсковае пахаванне і тэрыторыю, якая прылягае да помніка-капліцы. Дарэчы, у мінулым годзе за кошт сродкаў раённага суботніка капліца была адрамантавана.
Не чакайце нагоды, каб рабіць добрыя справы!
Далучайцеся да работы па добраўпарадкаванні аб’екатаў гісторыка-культурнай спадчыны і помнікаў ваеннай гісторыі!
Падтрымайце ініцыятыву работнікаў культуры!!!