Восень усё больш гаспадарыць на зямлі. Амаль сабраны ўраджай, ападае лісце, а лес радуе сваімі дарамі. Неабходна паспець зрабіць шмат спраў. А для школьнікаў ужо пачаліся восеньскія канікулы.
Парадак на прылеглай тэрыторыі паспеў навясці Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка. Да таго ж клубная ўстанова правяла дзіцячую гадзіну “Добрым быць прыемней, чым злым, зайздросным і прагным”.
Разнастайна і насычана прайшоў апошні тыдзень кастрычніка ў Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры. Так, вучні мясцовай школы паўдзельнічалі ў віктарыне “Грыбная пара”. Таксама для дзяцей прайшоў вусны часопіс “100 парад на здароўе” і гульнявая праграма “Восеньскі марафон”. На сваё чарговае пасяджэнне сабраліся ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Гаспадыня”. Жанчыны падзяліліся рэцэптамі нарыхтовак на зіму і паспрабавалі іх смак.
На працягу тыдня ў Сухопальскім сельскім клубе-бібліятэцы праходзіла выстава “Напеў зямлі маёй”, прысвечаная Году гістарычнай памяці. На ёй былі прадстаўлены работы мясцовых майстроў народнай творчасці – Н.Карпусь, Т.Гарэйка, І.Кавалеўскай, А.Адсковай, Т.Глушко. Рабяты ж былі запрошаны на дыскатэку “Ура, канікулы!”.
“Для вас, таты і мамы” – такую назву меў святочны канцэрт у Ружанскай сярэдняй школе, які прайшоў напярэдадні канікул. У ім удзельнічала вакальная студыя Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу. У рамках акцыі “Карысныя канікулы” работнікі культуры правялі для маленькіх ружанцаў конкурсна-гульнявую праграму “Па сакрэту усяму свету”, падчас якой дзеці адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў конкурсах, танцавалі і даведаліся шмат карыснай інфармацыі аб бяспецы.
А Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу правёў гутарку з групай падоўжанага дня мясцовай сярэдняй школы. Рабяты расказалі аб сваіх бабулях і дзядулях, а потым паўдзельнічалі ў гульнях “з бабулінага кошыка”. Таксама клубная ўстанова запрасіла ўсіх жадаючых на “Гарбузовае party». Удзельнікі вечарыны апрануліся ў крэатыўныя касцюмы, зрабілі сабе аквагрым, паспаборнічалі ў віктарыне, пагулялі і патанцавалі на дыскатэцы.