Гартаючы старонкі кніг

Заўсёды цікава прыходзіць у бібліятэку. У гэтым у чарговы раз упэўніліся тыя, хто наведаў установы культуры на мінулым тыдні.

Пружанская гарадская бібліятэка прапанавала вучням 7 “А” класа сярэдняй школы № 5 прыняць удзел у віртуальным падарожжы “Вандроўка па Брэсцкай вобласці”. Таксама бібліятэку наведалі выхаванцы прышкольнага лагера ўзгаданай школы, якія адказалі на разнастайныя пытанні экавіктарыны “Вясёлымі сцяжынкамі лесу”.

Магілявецкая сельская бібліятэка запрасіла юных чытачоў на адгадай-шоу “Казак Пушкіна цудоўнае тварэнне”. Дзеці пачулі аповед аб дзяцінстве класіка рускай літаратуры, паказалі свае веданне яго творчасці, а таксама пазнаёміліся з кнігамі аўтара, якія маюцца ў фондзе бібліятэкі.

Паглядзець выставу “Мазаічны калейдаскоп”, на якой прадстаўлены работы наведвальніка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аслугоўвання насельніцтва П.Песнякова, запрасіла Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма. Нядаўна ў цэнтральную раённую бібліятэку завіталі вучні Хараўской сярэдняй школы, для якіх была праведзена  пазнавальная гадзіна “Беларусь – наша Радзіма”. А студэнты аграрна-тэхнічнага каледжа сталі ўдзельнікамі літаратурнай гадзіны “Застацца чалавекам у полымі вайны”, прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

100-гадоваму юбілею В.Быкава таксама была прысвечана літаратурная гадзіна “Я перад вамі з памяццю сваёй” у Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы. Прысутныя пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, пачыталі ўрыўкі з яго твораў, паглядзелі кніжную выставу “Дарогамі Васіля Быкава”. Таксама Ружанская бібліятэка запрасіла на гадзіну духоўнасці “Ігумен зямлі Рускай», прысвечаную прападобнаму Сергію Раданежскаму. У мерапрыемстве прыняў удзел настаяцель ружанскага храма святых апосталаў Пятра і Паўла А.Сень. А для наведвальнікаў розных узростаў прышкольнага лагера гарпасялковая бібліятэка правяла эрудыт-гульню “Беларусь – мой край чароўны і загадкавы” і забаву “Астравок бяспекі”, падчас якой размова ішла аб правілах паводзін, добрым харчаванні і бяспецы ў побыце.

Добавить комментарий