Ганаровыя званні пацверджаны!

30 красавіка 2023 года аматарскія калектывы мастацкай творчасці ўстаноў культуры горада і раёна прадставілі творчыя справаздачы атэстацыйнай камісіі па Брэсцкай вобласці для пацвярджэння ганаровых званняў “народны” і “ўзорны”. Мерапрыемства пачалося ў дзяржаўнай установе адукацыі “Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны” з выступлення ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча. Затым праграму прадоўжылі харавыя калектывы: народны камерны хор (кір. Святлана Рыбінская, дырыжор Ірына Буланькова), узорны хор “Вітанак”(кір. Ірына Буланькова). Калектывы ўразілі сваімі яркімі і запамінальнымі выступленнямі. У чарговы раз яны пераканалі камісію ў сваім прафесіяналізме і адпаведнасці высокім званням.

У Пружанскім гарадскім Палацы культуры прайшлі справаздачы народнага драматычнага калектыву “Сейбіты”(кіраўнік і рэжысёр Васіль Курачынскі), які прадставіў п’есу М.Каляды “Курыца”. На добрым выканаўчым узроўні выступілі народны вакальны ансамбль “Землякі” Новазасімавіцкага  сельскага Дома культуры (кір. Аляксандр Мяшэчка), народны духавы аркестр (кір. Віктар Матчэня), узорная студыя эстраднага танца “Рубікон” (кір. Святлана Салавей), узорная эстрадная студыя “Меладзін” (кір. Эугеніюс Валанчус), народны хор ветэранаў вайны і працы “Чырвоны гваздзік” (кіраўнік Юлія Пропер), народны хор народнай песні “Вербніца” (кір. Аксана Казлоўская).

На суд гледачоў і камісіі былі прадстаўлены кампазіцыі ў выкананні салістаў, дуэтаў, квартэтаў, ансамбляў, хораў. Віртуознае і бездакорнае выкананне ўдзельнікамі творчых калектываў музычных твораў розных стыляў і жанра выклікалі ў гледачоў пачуцці захаплення і павагі.

У дыскатэчнай зале Палаца культуры ўзорны клуб “Тeens-фармат” (кір. Анастасія Ціхановіч) правёў этыкет-клас “Мы запрашаем вас”, дзе  пяць каманд падлеткаў школ горада спаборнічалі ў конкурсах і віктарынах. Клуб таксама абараніў сваё ганаровае званне “ўзорнага”.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий