У Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэцы імя А.Лось адкрылася кніжная выстава “Нельга апраўдаць. Нельга забыць. Нельга зразумець”, прысвечаная Году гістарычнай памяці і расследаванню фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Выстава складаецца з некалькіх раздзелаў – “Попел вайны”, дзе ўтрымліваюцца звесткі аб спаленых вёсках Пружаншчыны, “Тэрыторыя смерці” – расказваецца аб буйных лагерах смерці на тэрыторыі Беларусі, а таксама раздзел, які апавядае аб ахвярах Халакосту.
Кляпацкая сельская бібліятэка правяла сустрэчу “Духовных книг божественная мудрость”. У мерапрыемстве прыняў удзел настаяцель храма прападобнага Сергія Раданежскага Аляксандр Сень. Прысутныя абмеркавалі духоўную літаратуру, пазнаёміліся з кніжнымі навінкамі, паразважалі аб маралі і сапраўдных каштоўнасцях.
У Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы адбыўся вечар “Паэзія і духоўнасць”. У ім ўдзельнічалі сябры маладзёжнага клуба “Новае пакаленне” і настаяцель мясцовага храма іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” Сяргей Сысаляцін. На мерапрыемстве гаварылі аб любові, міласэрнасці, дабрыні, дэкламавалі вершы паэтаў-класікаў, сучасных аўтараў. Да вечара была прымеркавана кніжная выстава “Шлях да святла”. Напрыканцы сустрэчы святар пагутарыў з моладдзю аб карысці духоўнага чытання, пошуках сэнсу жыцця, адказаў на хвалюючыя падлеткаў пытанні.
Свята “Кніга – лепшы сябар рабят” прайшло ў клубе “Эўрыка”, які дзейнічае ў Ружанскай дзіцячай бібліятэцы. Яно было прымеркавана да Тыдня дзіцячай кнігі. Падчас сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся шмат новага, расказалі аб сваіх любімых аўтарах, паразважалі аб неабходнасці берагчы кнігу.