17 чэрвеня ў Пружанах праходзіў чацвёрты абласны конкурс-пленэр дзіцячай творчасці ў рамках абласнога конкурсу «Брэстчына вачыма дзяцей». Праект быў распрацаваны Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтрам маладзёжнай творчасці з мэтай развіцця ў дзяцей і падлеткаў цікаўнасці да гісторыі малой Радзімы і ўдасканалення мастацкіх навыкаў.
У мінулым юныя мастакі пісалі на вуліцы Савецкай ў Брэсце і на тэрыторыі сядзібы Нямцэвічаў ў Скоках. У гэтым годзе архітэктурным аб’ектам для натхнення рабят стаў Пружанскі палацык.
Удзельнікі мастацкага мерапрыемства рабілі эцюды з натуры, у якіх павінны былі паказаць веды і ўменне адлюстроўваць перспектыву, розныя жывапісныя навыкі і каларыстычныя рашэнні.
Журы адзначыла творчы падыход юных мастакоў і дастатковы ўровень іх падрыхтоўкі.
Для ўдзельнікаў пленэру была арганізавана экскурсія па музеі і сустрэча з народным майстрам Беларусі Марыяй Кулецкай.