4 снежня Брэсцкая вобласць адзначыла 85 год з дня свайго заснавання. З нагоды гэтай знакавай падзеі ў Брэсце адбылася серыя ўрачыстых мерапрыемстваў.
Так, каля спартыўнага комплексу “Вікторыя” былі прадстаўлены дасягненні вобласці ў розных галінах. Кожны раён прадэманстраваў сваю брэндавую прадукцыю, якая вылучае яго ў эканамічнай і культурнай сферах.
Сярод павільёнаў вылучалася выстава Пружанскага раёна. Разам з прамысловымі прадпрыемствамі, лясгасам, вопытнай станцыяй Акадэміі навук, санаторыем “Ружанскі” жыхары абласнога цэнтра і госці ўбачылі пляцоўку, якая адлюстроўвала культурнае жыццё рэгіёна. На гэтай выставе была прэзентавана матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына – Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў і творы народнага майстра Беларусі Мікалая Тарасюка, лепшыя работы народнага майстра Марыі Кулецкай, якая, да того ж, запрасіла ўсіх жадаючых на майстар-клас па роспісе на шкле. Таксама была прадстаўлена традыцыйная чорназадымленая пружанская кераміка Антона Такарэўскага і сучасныя творы майстроў-ганчароў Віталя Раманоўскага і Генадзя Міранюка. Майстар-клас і выставу сваіх твораў з саломкі, тканыя вырабы прапанавалі майстры народнай творчасці Вера Волчык і Святлана Тагіева. Не забыліся і пра кнігу “Пружанская кулінарыя”, якая была выдадзена ў 2023 г. Аўтары выдання Наталля Пракаповіч і Ірына Гадуйка не толькі прэзентавалі кнігу, але і прапанавалі пазнаёміцца з традыцыйнымі мясцовымі стравамі.