У рамках акцыі «Карысныя канікулы» ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы прайшло падарожжа-знаёмства «Экскурсія ў чароўную краіну Пяро» з цыклу «Я з кнігай адкрываю свет».
Рабяты разам з бібліятэкарам адправіліся на пошукі Чырвонага Капялюшыка па творах вядомага казачніка. Дзеці ўспомнілі казкі «Хлопчык-з-пальчык», «Кот у ботах», «Папялушка» і паспаборнічалі з Блакітнай Барадой. Яны паглядзелі ўрыўкі з мультфільмаў па творах французскага пісьменніка, пазнаёміліся з кніжнай паліцай «Раскажыце казку, спадар Пяро». Падчас мерапрыемства дзеці даведаліся шмат цікавай інфармацыі аб Шарлі Пяро, якому 12 студзеня споўнілася 395 год.
Таксама бібліятэку наведалі вучні 4 класа Ліноўскай сярэдняй школы, якія прынялі ўдзел у пазнавальна-гульнявой праграме «Новы год крочыць па планеце». Яны падарожнічалі па краінах і кантынентах і даведаліся, як народы свету сустракаюць Ражаство і Новы год.
Падарожжа, але ўжо па роднай Беларусі, здзейснілі выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пружанскага раёна. Рабяты, якія завіталі ў раённую дзіцячую бібліятэку імя Алены Лось, пазнаёміліся з гісторыка-культурнымі і прыроднымі аб’ектамі нашай краіны. Яны адгадвалі загадкі, гулялі, глядзелі пазнавальныя відэасюжэты. Дзеці пазнаёміліся з кнігамі на абанеменце і наведалі чытальную залу.