Раіса Васільеўна Баюра – майстар па саломапляценні. Яна жыве ў вёсцы Новыя Засімавічы Пружанскага раёна. Стварэннем кампазіцый з саломкі майстар займаецца даўно. Раней яна працавала на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў “Славянка”. Можна сцвяржаць, што захапленне мастацкай творчасцю стала справай на ўсё жыццё.

Раіса Васільеўна лічыць, што галоўнае ў рабоце з саломкай – гэта фантазія, цярпенне, уседлівасць і добры настрой.

Перш чым на свет з’явіцца новая работа, патрэбна зрабіць шмат працы па падрыхтоўцы матэрыялу. А гэта не хуткі працэс. Ён працаёмкі, патрабуе пастаяннай практыкі, уважлівасці, развіцця спрыту рук. У адказ жа саломка быццам ўзнагароджвае за прыкладзенае старанне. Дзіўныя якасці звычайнага матэрыялу адкрываюць перад майстрам шырокія прасторы для творчасці. Пластычнасць саломкі дазваляе ствараць непаўторныя вырабы своеасаблівых форм рознага прызначэння: сувеніры, утылітарныя рэчы, прадметы інтэр’еру і інш.

Творы Раісы Васільеўны Баюры радуюць вока сваёй прыгажосцю і цеплыней. Гэта сапраўдныя мастацкія вырабы: шкатулачкі, цукерачніцы, вазы, кошыкі, пано, упрыгажэнні, сувеніры – усяго не пералічыш. Кожная рэч непаўторная, яна зроблена акуратна і вытанчана, з душой.

Саламяныя вырабы майстра з Пружаншчыны неаднаразова прадстаўляліся на мясцовых і раённых святах, абласных і рэспубліканскіх выставах, у Рэспубліцы Польша.

Майстар народнай творчасці Раіса Васільеўна Баюра – удзельнік шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Яе дзейнасць па папулярызацыі традыцыйнага беларускага саломапляцення адзначалася падзячнымі лістамі, ганаровымі граматамі і дыпломамі розных узроўняў.