Асветніца зямлі беларускай

З 21 па 27 лютага Беларускай праваслаўнай царквой быў запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня праваслаўнай кнігі. Для Беларусі ў гэтым годзе святкаванне прысвечана знакамітым датам – 500-годдзю выдання “Апостала” Францыскам Скарынам, 900-годдзю заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку, 800-годдзю заснавання Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра і 555-годдзю выяўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці.

З мэтай папулярызацыі культурных і духоўных каштоўнасцей Ружанскі палацавы комплекс рода Сапегаў сумесна з настаяцелем храма святых апосталаў Пятра і Паўла Аляксандрам Сенем і Ружанскай гарпасялковай бібліятэкай арганізавалі выставу “Асветніца зямлі беларускай”, на якой былі прадстаўлены іконы і літаратура аб жыцці першай беларускай праваслаўнай святой Ефрасінні Полацкай.

Выставу наведалі вучні Ружанскай сярэдняй школы імя К.Марача, для якіх прайшла інфармацыйная гадзіна. Дырэктар музея Алена Кубарка і святар Аляксандр Сень расказалі дзецям аб жыцці знакамітай асобы, яе хрысціянскім шляху, асветніцкай дзейнасці і ролі ў беларускай гісторыі і культуры. Завяршылася сустрэча праглядам дакументальнай стужкі “Ефрасіння Полацкая. Нябесная апякунка Беларусі”.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий