3 ліпеня ў Пружанах, як і паўсюдна ў Беларусі, адзначылі Дзень Незалежнасці. У гэтым годзе дзяржаўнае свята мела асаблівую ўрачыстасць, таму што супала з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Святочныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да помнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Потым на воінскіх могілках адбыўся мітынг у гонар загінуўшых у 1941 – 1945 гг. Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і іншыя выступоўцы.
Урачыстасці прадоўжыліся на гарадской плошчы каля райвыканкама. З галоўным дзяржаўным святам пружанцаў павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Свае творчыя нумары адрасавалі прысутным салісты ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін” і народны хор ветэранаў “Чырвоны гваздзік” Пружанскага гарадскога Палаца культуры.
Вячэрняя праграма свята прайшла на галоўнай гарадской сцэне на вул.Савецкай. Жадаючыя наведалі розныя атракцыёны і паглядзелі канцэртную праграму. Гледачы ўбачылі выступленні творчых калектываў і салістаў Палаца культуры – узорнага ансамбля народнага танца “Круцёлачкі”, студыі эстраднага танца “Амелі”, тэатра дзіцячага танца «Тапатушкі», узорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон» і інш. Асобныя канцэрты прадставілі пружанцам і гасцям горада народная эстрадная студыя “Рэтра” Зэльвенскага раённага Цэнтра куьтуры і народнай творчасці і кавер-гурт “Разгар” (г.Мінск). Кульмінацыяй свята стала акцыя «Спяём гімн разам».
Акрамая таго творчыя калектывы раёна – народны вакальны гурт “МакSімум” Пружанскага гарадскога Палаца культуры і народны вакальны ансамбль “Землякі Новазасімавіцкага сельскага Дома культуры – да Дня Незалежнасці падрыхтавалі вялікую канцэртную праграму «Давайце разам песню запяем», з якой выступілі ў г.Зэльва Гродзенскай вобласці.