На працягу тыдня дзеці і дарослыя наведвалі бібліятэкі, каб пачытаць кнігі і паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах.
Пазнавальна-забаўляльную гульню «Лета сонейкам укацілася…» правяла для прышкольнага лагера сярэдняй школы № 3 Пружанская раённая дзіцячая бібліятэка імя А.Лось. Дзеці даведаліся аб ягадах, кветках і матыльках, пачыталі вершы і выканалі песні аб леце.
Разам з Мураўскай сельскай бібліятэкай рабяты з прышкольнага лагера здзейснілі захапляльны завочны ваяж падчас гульні «Падарожжа на марское дно». Яны пазнаёміліся з незвычайнымі марскімі жывёламі і рыбамі, адгадалі загадкі і пагулялі ў рухавыя гульні.
Калядзіцкая сельская бібліятэка запрасіла рабят з прышкольнага лагера Хараўской сярэдняй школы на віктарыну «Казкі разам сабраліся». Таксама бібліятэка зладзіла кінападарожжа «Кнігі Васіля Быкава на экране».
На экагадзіну «Любіць, шанаваць і захоўваць» завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі ў Магілявецкую сельскую бібліятэку. Дзеці паразважалі аб глабальных праблемах чалавецтва і захаванні планеты Зямля.
У Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма для выхаванцаў прышкольнага лагера гімназіі адбылася гульня «Беларусь – наша Радзіма». Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прынялі ўдзел у гадзіне гісторыі «Вайна і лёсы: Зінаіда Тусналобава-Марчанка» ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Рабят з прышкольнага лагера Мокраўская сельская бібліятэка запрасіла на ўрок гісторыі «Давайце ўспомнім аб вайне».
Ваеннай тэматыцы была прысвечана пазнавальная гадзіна «Яны таксама змагаліся за Радзіму» ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы. Рабяты пачулі аповед аб жывёлах, якія падчас вайны неслі баявую службу. Таксама ў бібліятэцы да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа была аформлена кніжная выстава «Грознае лета 1941 года».