Аляксандр Васільевіч Кудравец (1967 – 2008) – таленавіты музыкант, самадзейны кампазітар, стваральнік і кіраўнік вакальна-харавых калектываў на Пружаншчыне. Ён адным з першых у раёне звярнуўся да малых форм выканальніцтва.

Аляксандр Кудравец нарадзіўся ў лютым 1967 г. ў в.Гута Пружанскага раёна.

З дзяцінства ён выхоўваўся ў музычным асяроддзі. На вёсцы добра ведалі яго дзядоў, якія ігралі на кожным вяселлі: адзін – на скрыпцы, другі – на гармоніку. Пра яго бацьку Васіля таксама казалі, што ён нарадзіўся з гармонікам у руках. Добра спявала маці. Аляксандр Кудравец самастойна навучыўся іграць на гармоніку, гітары, акардэоне.

У 1982 г. хлопец паступіў у Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. Правучыўшыся 2 гады ён перавёўся ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча на спецыяльнасць “клубная справа, кіраўнік самадзейнага харавога калектыву”. Пасля заканчэння ўстановы Кудравец працаваў у Дамах культуры, клубах і школах раёна. Усюды ён арганізоўваў вакальныя групы, вакальна-інструментальныя ансамблі, студыі.

У 1997 г. музыкант стварыў ў Зеляневіцкім сельскім Доме культуры вакальны ансамбль “Мужыкі”, у якім, акрамя самога Аляксандра, спяваў родны брат Міхаіла, а таксама браты Віктар і Аляксандр Жмайлікі.

У 2000 г. А.В.Кудравец стаў акампаніятарам гурта “Забава” аўтаклуба аддзела культуры Пружанскага райвыканкама.

Ён плёна і натхнёна працаваў над музыкай песень на ўласныя вершы. Так з’явіліся творы: “Ой, каля рэчкі”, “А ў чыстым полі”, “А я сяду ля прысаду”, “Гуляй, душа мая беларуская”, “Калі кахаеш ты”, “Мая міла”, “А я хлопец малады”, “Раз, два, закружыла” і інш.

У 2002 г. ансамбль “Мужыкі” змяніў назву на “Ліцвіны” і атрымаў званне “народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Ансамбль “Ліцвіны” пад кіраўніцтвам А.В.Кудраўца стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “Беларусь, мая песня” (г.Мінск), лаўрэатам абласнога фестывалю патрыятычнай песні (г.Брэст), фестываляў беларускай песні ў г.Беласток (Рэспубліка Польшча).

У 2006 – 2007 гг. Аляксандр Васільевіч таксама з’яўляўся кіраўніком раённага хору работнікаў культуры “Талака” раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.

Народны ансамбль песні “Ліцвіны” быў адной з культурных візітовак Пружаншчыны. Калектыў літаральна жыў сваёй творчасцю. Гэта быў самабытны ансамбль, які неаднаразова прадстаўляў раён і беларускую культуру на розных пляцоўках, у тым ліку на міжнародных песенных форумах. Прыгажосць песень Аляксандра Кудраўца зачароўвала слухачоў. Творы, напісаныя Аляксандрам Васільевічам, – простыя, прыгожыя, блізкія, разумелыя. Яны кранаюць душу, таму многія лічаць іх народнымі.

У ліпені 2008 г. самадзейнага кампазітара Аляксандра Кудраўца не стала. Але ён пакінуў добрую памяць і прыгожыя песні, якія захаваюць яго імя на доўгія гады.

Сёння ў калектыве, створаным А.В.Кудраўцом, спяваюць іншыя артысты, ды і сам калектыў мае іншую назву – “Землякі”. Але ў рэпертуары ансамблю заўсёды прысутнічаюць песні, створаныя яго першым кіраўніком.