8 мая 2022 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка (08.05.1932 – 15.01.2015) – Народнага майстра Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Мікалай Тарасюк быў самабытным майстрам разьбы па дрэве. Ён нарадзіўся ў в.Стойлы Пружанскага раёна. У 2002 годзе “за стварэнне ўнікальных драўляных расфарбаваных кампазіцый, асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры” ён атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “народная творчасць”.
Творчасць гэтага сялянскага майстра – унікальная мастацкая з’ява. Яго работы маюць непаўторную выяўленчую самабытнасць і адметныя тым, што яны моцна звязаны з народнай традыцыяй.
Разьбу па дрэве, пляценне з лазы ён палюбіў з дзяцінства. Драўляных чалавечкаў рабіў сваім дзецям. Гэтае захапленне перарасло ў любімы занятак. Адразу майстар прыдумваў і назву сваім творам, а потым браўся за працу. Пры дапамозе простай сякеры і ножыка Тарасюк рабіў свой “драўляны люд”. У яго работах адлюстраваны сцэны з жыцця простых сялян, яго аднавяскоўцаў.
Першыя працы майстра былі невялікія па памерах. Потым фігуркі павялічваліся, набылі архаічную абагульненасць формы і манументальнасць, што надало ім знакавасць і сімвалічнасць. Беражліва захоўваў майстар у сваіх работах народныя звычаі, традыцыі, святы. Героі Тарасюка аруць, косяць, будуюць. Жанчыны прадуць, ткуць. Не абмінаў майстар і цёмныя бакі жыцця: п’янства, самагонаварэнне, крадзёж. У сваіх работах Мікалай Васільевіч паказваў, што чалавек павінен адказваць за свае ўчынкі, жыць з верай у душы.
Паступова яго драўляны народ множыўся, нараджаліся ўсё новыя і новыя кампазіцыі. Для сваіх твораў на вясковай сядзібе Тарасюк зрабіў асобны дом – музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. З выгляду – невялікая хата, а вось усярэдзіне змясцілася беларуская вёска, дзе ёсць цэнтральная вуліца, царква і званіца. Колькі тут жыве народу! І кожны заняты сваёй працай!
Мікалай Васільевіч любіў спяваць, іграць на розных музычных інструментах, якія вырабляў сам. З бяросты згортваў доўгія пастухоўскія рогі-трубы, з лазы выплятаў дудкі, якія, маючы драўляны свісток, выдатна гучалі. Майстар любіў сустракаць гасцей, ладзіў для іх цэлыя спектаклі, іграў на губным гармоніку, танцаваў са сваёй сяброўкай – драўлянай “Марусяй”. Ён таксама зрабіў цэлую калекцыю плеценых капелюшоў самай разнастайнай формы.
Драўляныя кампазіцыі М.В.Тарасюка мастацтвазнаўцы адносяць да так званага інсітнага мастацтва (наіўнага рэалізму). Яго творчасць цікавіла даследчыкаў. Альбом-манаграфія Вольгі Лабачэўскай “Сялянская энцыклапедыя” ў творах Мікалая Тарасюка” стаў першым выданнем падобнага кшалту ў Беларусі пра творчасць народнага майстра. Беларускі рэжысёр Віктарам Аслюк зняў дакументальны фільм «Драўляны народ». Гэта работа атрымала Гран-пры IX Міжнароднага кінафестывалю мастацкіх рамёстваў у г.Манпэлье (Францыя).
Сёння творы Народнага майстра ёсць у многіх музеях і прыватных калекцыях. Самы буйны збор (каля 100 экспанатаў) захоўваецца ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык».
Хочацца верыць, што сцежкі Мікалая Тарасюка ніколі не зарастуць, а яго нашчадкі будуць помніць яго словы: “Я рабіў драўляны народ на ўспамін людзям”.