Віталь Іванавіч Раманоўскі – вядомы пружанскі майстар-ганчар, скульптар. Ён з’яўляецца адным з першых выпускнікоў мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы, вучнем мясцовага мастака Рыгора Печнікава. У 1996 годзе Віталь Іванавіч закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава, дзе атрымаў спецыяльнасці скульптара і выкладчыка.

Пасля службы ў войску В.Раманоўскі вярнуўся на радзіму і працаваў кіраўніком гурткоў у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, раённым Доме рамёстваў, рэстаўратарам ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Некаторы час ён практыкаваўся ў г.Скопін (Расія) – цэнтры мастацкай керамікі.

Сёння мастак-кераміст займаецца творчасцю і вучыць майстэрству апрацоўкі гліны ў родным горадзе. Ён узначальвае майстэрню “Бацькаўшчына” Пружанскага гарадскога Палаца культуры, праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых па вырабу гліняных свістулек, посуду, сувеніраў.

Мастак эксперыментуе з рознымі тэхнікамі апрацоўкі, спрабуе адраджаць традыцыйную пружанскую чорназадымленую кераміку. Яго работы нясуць ярка выражаны ўласны мастацкі почырк і элементы народных прыёмаў апрацоўкі гліны.

 Вырабы майстра неаднаразова выстаўляліся на гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, у Рэспубліцы Польша.

Скульптура першага пракурора Расіі П.І.Ягужынскага, створаная Віталем Раманоўскім, сёння знаходзіца ў музейнай экспазіцыі “Станаўленне і развіццё органаў пракуратуры ў Беларусі” ў г.Гродна. Два скульптурныя бюсты – Тадэвуша Касцюшкі і Напалеона Банапарта – захоўваюцца ў фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

Майстар Віталь  Раманоўскі  –  удзельнік  шматлікіх  конкурсаў і фестываляў. У студзені  2024  г.  ён  прадстаўляў  свае творы на Выставе дасягненняў народнай  гаспадаркі  ў  Маскве.  Яго  дзейнасць  адзначана дыпломамі, падзячнымі лістамі і ганаровымі граматамі.