Напярэдадні выхадных музей-сядзібу “Пружанскі палацык” наведалі падапечныя Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Людзі “залатога” ўзросту, некаторыя разам з унукамі, пазнаёміліся з выставай “Postscriptum”, якая ўзнаўляе асноўныя эпізоды гісторыі прымусовай працы савецкіх грамадзян у гады Другой сусветнай вайны, пачынаючы ад угону і транспарціроўкі ў Германію і іншыя ерапейскія краіны, да вызвалення і лёсаў рэпатрыянтаў ў Савецкім Саюзе. Навуковы супрацоўнік распавяла прысутным пра экспанаты – копіі фотаздымкаў і дакументаў, лісты і паштоўкі, якія размяшчаюцца на кардонных фігурах у чалавечы рост. Прысутныя падзяліліся ўспамінамі сваіх родных і знаёмых, якія апынуліся ў Германіі ў гады вайны.
У гэты ж дзень гасцямі палацыка сталі калектыў супрацоўнікаў Брэсцкай абласной праектна-вышукальніцкай станцыі хімізацыі. Яны пазнаёміліся з пастаяннымі экспазіцыямі і часовымі выставамі, у тым ліку – творамі Народнага майстра Беларусі Мікаля Тарасюка, спадчынай Юзафа Ігнацы Крашэўскага і матэрыяламі, прысвечанымі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.