Карусель летніх спраў

У летні перыяд установы культуры Пружаншчыны запрашаюць як на вялікія мерапрыемствы, так і арыентаваныя на пэўную аўдыторыю. Найбольш сярод іх – заняткі для дзяцей і падлеткаў.

Так, Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка правёў дзіцячае свята “Вясёлая карусель”. Рабяты інсцэніравалі казку “Вася-Васілёк”, паўдзельнічалі ў разнастайных гульнях і конкурсах, памалявалі на асфальце, павіншавалі імяніннікаў.

Дзіцячая гульнявая праграма “Лета яркія промні” прайшла ў Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры. Разам з казачнымі персанажамі, ролю якіх выканалі работнікі культуры, хлопчыкі і дзяўчынкі пабавілі час у музычных, танцавальных і спартыўных конкурсах. Таксама можна было атрымаць малюнак ад майстра аквагрыму і пагуляць на атракцыёнах.

Завяршылася чарговая змена ў летнім аздараўленчым лагеры “Юны турыст” у Рудніках. Мясцовы сельскі клуб-бібліятэка прапанаваў юным турыстам наведаць шэраг мерапрыемстваў – віктарыну “Птушыны калейдаскоп”, інтэлектуальную гульню-віктарыну “Усё пра ўсё”. Разам са святаром Анатолем Кавальскім работнікі ўстановы зладзілі экскурсію ў рудніцкі храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

Белавусаўшчынскі сельскі Дом культуры падрыхтаваў віктарыну “Палёт у краіну ведаў”.

Да Года гістарычнай памяці Мураўскі сельскі Дом культуры прымеркаваў майстар-клас “Беларускія старадаўнія абярэгі”. Падчас занятку рабяты зрабілі лялькі-матанкі і паслухалі звесткі пра беларускія народныя абрады, легенды і паданні.

Кіраўніцтва Шаняўскога сельвыканкама разам з мясцовым сельскім клубам павіншавалі з днём нараджэння ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыю Аляксандраўну Бабрук з в.Шубічы.

Творчыя калектывы Ліноўскага сельскага Дома культуры падрыхтавалі канцэрт да прафесійнага свята – Дня чыгуначніка. Ён адбыўся на пляцоўцы на вул.Ціхай у аг.Лінова.

6 жніўня на адкрытай сцэне ў мікрараёне “Паўночны” г.Пружаны прайшоў вялікі канцэрт “Летні кактэйль”. У ім прынялі ўдзел калектывы аматарскай творчасці Сухопальскага сельскага клуба-бібліятэкі, Калядзіцкага і Белавусаўшчынскага сельскіх Дамоў культуры. А на пляцоўцы каля гарадскога Палаца культуры на вул.Савецкай моладзь паўдзельнічала ў фестывалі фарбаў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий