Ружанскі музей узнавіў праект «Чатыры чацвяргі»

Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў у ліпені ўзнавіў праект «Чатыры чацвяргі», у якім расказвае аб унікальных экспанатах.

Сярод такіх – жывапісная дошка з выявамі святых. Прадмет знаходзіцца ў экспазіцыі музея і заўжды прыцягвае ўвагу наведвальнікаў, якія памылкова лічаць яго старадаўняй іконай.

На самой справе гэта работа мастака з Іванаўшчыны Янкі Рамановіча, на якой алеем адлюстраваны 4 абразы – Ісус Хрыстос, Божая Маці з дзіцем, святая Троіца, свяціцель Мікалай Цудатворца.

Твор з рэлігійнымі сюжэтамі быў выкананы ў 2010 годзе на звычайнай драўлянай дошцы, якая раней выкарыстоўвалася ў побыце, таму захоўвае рэшткі ранейшай фарбы і адтуліны ад цвікоў.  Мастак спецыяльна састарыў сваю работу, каб стварыць уражанне аб даўнім паходжанні абраза, які нібыта быў часткай інтэр’ера вясковай хаты. Трэба адзначыць, што да такога мастацкага прыёму разам з выкарыстаннем незвычайных матэрыялаў (драўляных дошак, калаўротаў, частак мэблі і інш.) Рамановіч звяртаецца часта, што надае яго работам адметнасць.

Жывапісная дошка з выявамі святых разам з іншымі творамі мастака экспанавалася ў музеі ў 2013 годзе. Пасля заканчэння выставы Янка Рамановіч перадаў сваю жывапісную работу ў фонды Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий