У летні час праходзіць шмат вясковых свят. Так, нядаўна Велікасельскі сельскі Дом культуры зладзіў свята вёскі Ялова. Падчас яго ўшанавалі старэйшага жыхара і ветэрана вайны, павіншавалі з днямі нараджэння і сямейнымі юбілеямі, а таксама разам спявалі, танцавалі, дзяліліся добрымі навінамі і ўспамінамі.
А Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка прыняў удзел у арганізацыі свята вёскі Дзетаветчына.
Шэраг мерапрыемстваў правялі работнікі Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Для дзецей прайшлі літаратурная вечарына “Казкі-юбіляры” і кіналекторый па прафілактыцы шкодных звычак. Было арганізавана віншаванне на даму з днём нараджэння.
Конкурсна-гульнявая праграма для рабят “У свеце фарбаў і алоўкаў” адбылася ў Роўбіцкім сельскім Доме культуры.
Белавусаўшчынская сельская бібліятэка і Дом культуры правялі для юнакоў і дзяўчат гульнявую праграму “Актывіст”, падчас якой было шмат жартоўных конкурсаў, віктарын, танцавальных нумароў.
Работнікі Рудніцкага сельскага клуба-бібліятэкі арганізавалі некалькі мерапрыемстваў для рабят, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры. Падчас аднаго з іх дзеці адгадвалі загадкі, прыказкі, адказвалі на пытанні віктарыны, удзельнічалі ў конкурсе “Намалюй лета”, а потым наведалі бібліятэку і выбралі сабе кнігі для чытання ў вольны час. А на гульнявым падарожжы па казках “Сяброўства – гэта каштоўны дар” юныя турысты спрабавалі знайсці адказ на пытанне: “Чаму вучаць казкі?”.
Людзі “залатога” ўзросту пабавілі час на вечарыне танца ў Пружанскім гарадскім Палацы культуры.
Выставу “Пружаны і ваколіцы”, прымеркаваную да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прадставіла раённая бібліятэка імя М.Засіма.