Галоўнае дзяржаўнае свята адзначылі ў Пружанах

3 ліпеня ў Пружанах адзначылі галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці.

У гэты знакавы для кожнага беларуса дзень у раённым цэнтры была зладжана вялікая святочная праграма.

Спачатку калектывы горада ўсклалі кветкі да помнікаў вайны.

Потым на плошчы каля райвыканкама адбыўся ўрачысты мітынг, на якім са словамі віншавання да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, ваенны камісар Кірыл Шаўчэнка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Святочны настрой стварылі калектывы аматарскай творчасці Палаца культуры – народная арт-група «Родники», узорны ансамбль народнага танца «Круцёлачкі», народны вакальны ансамбль «2+2».

На працягу дня ў гарадскім парку працаваў выязны гандаль, дзіцячыя атракцыёны і пляцоўкі, майстар-класы і выстава народнай творчасці «Горад майстроў». На сцэне прайшоў канцэрт «Разам за Беларусь», у якім удзельнічалі ўзорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон», народны ансамбль танца «Спадчына», студыя эстраднага танца «Амелі», народны хор ветэранаў «Чырвоны гваздзік», салісты Палаца культуры і ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін», а таксама калектывы аматарскай творчасці ўстаноў культуры раёна. З асобнай праграмай выступіў народны інструментальны калектыў «Карусель» (г.Бяроза).

Вячэрнія мерапрыемствы прадоўжыліся на сцэне каля гарадскога Палаца культуры. З канцэртамі выступілі народны ансамбль «Землякі» (Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры) і ансамбль казачай песні і танца «Маме нравится!» (г.Мінск).

Завяршальным акордам свята стала акцыя «Спяём гімн разам» і салют у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий