Падчас летняга адпачынку нельга забываць пра бяспеку. Аб гэтым у чарговы раз вырашылі нагадаць работнікі Вялікасельскага сельскага Дома культуры. Яны завіталі ў прышкольны лагер і правялі конкурсна-гульнявую праграму “Ці ведаеш ты правілы дарожнага руху?”.
Гэтай жа тэме прысвяціў гульню “Правілы руху дастойны павагі” Ліноўскі сельскі Дом культуры, на якую запрасіў выхаванцаў прышкольнага лагера.
Спартыўная праграма “Летам няма калі сумаваць” адбылася ў прышкольным лагеры Шарашоўскай сярэдняй школы. Яе правялі работнікі мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу.
Пазнаёміцца з выдатнымі мясцінамі роднага краю прапанаваў Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка. Сумесна са святаром Анатолем Кавальскім для рабят, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Юны турыст”, яны правялі экскурсію па аграгарадку і храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
Ствараць прыгажосць сваімі рукамі вучыліся ў Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры. Кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва А.Качанава навучыла дзецей вырабляць сувенір “Вожык” з прыроднага матэрыялу.
У Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры прайшоў майстар-клас па рукадзеллю “Бабуліна навука”. Кіраўнік гуртка Л.Яроцкая паказала хлопчыкам і дзяўчынкам як ткаць на кроснах, а Народны майстар Беларусі М.Кулецкая – рабіць уручную паясы.