Падводзіць вынікі навучальнага года, завяршаючы яго вялікім творчым канцэртам, стала добрай традыцыяй у Новазасімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў.
Менавіта таму напрыканцы мая ў канцэртнай зале ўстановы адбыўся справаздачны і выпускны вечар «Дарогаю дабра».
У вечарыне знайшлі адлюстраванне найлепшыя моманты і дасягненні за навучальны год. Падтрымаць рабят, паслухаць і ўбачыць іх выступленні прыйшлі бацькі і госці. Гледачы добра прынялі нумары як пачынаючых артыстаў – вакальны ансамбль 1 класа (кір. Ю.Ю.Макаранка), так і юных музыкантаў, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў і былі адзначаны рознымі дыпломамі, – Ганну Валюшку, Аляксандру Чэгу, Соф’ю Завіжэнец, Мілану Астроўскую, Юлію Сідараву, Дар’ю Кот, Анастасію Пілюцік, ансамблі цымбалістаў «Спатканне», дамрыстаў «Сябрукі», скрыпачоў «Экспромт», харавыя калектывы «Канфеці» і «Галасы дзяцінства».
Дырэктар школы Марына Леанідаўна Кузьміч павіншавала ўсіх з заканчэннем навучальнага года, выказала падзяку быцькам і калегам. Яна ўручыла граматы лепшым вучням, а выпускнікам – пасведчанні аб заканчэнні ўстановы.
Віншуем выпускнікоў Новазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў! Спадзяемся, што яны назаўсёды захаваюць любоў і павагу да мастацтва, якую на працягу навучання выхоўвалі педагогі.