Гісторыя нашага горада і раёна багатая імёнамі вядомых людзей. Даў прытулак наш раён і Мікалаю Сямёнавічу Купрэеву – паэту, празаіку, які апошнія 15 год свайго жыцця пражыў у в.Папялёва і г.Пружаны.
Ён нарадзіўся 25 мая 1937 г. у в.Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельска вобласці, але большая частка яго жыцця была звязана з Брэстчынай.
“Папялёўскі” перыяд у жыцці Купрэева значны. За гэты час ім быў падрхтаваны і выпушчаны ў свет зборнік вершаў “Правінцыйныя фантазіі”, напісаны шэраг аповесцей. Прыйшлі папулярнасць, прызнанне, слава.
Сёння творы Міколы Купреева вядомы далёка за межамі нашай краіны. Яны друкуюцца ў беларускіх і расійскіх выданнях, перакладзены на рускую, балгарскую, украінскую і польскую мову.
На жаль, землякі выдатнага літаратара мала ведаюць аб яго жыцці і творчасці. А час няспынна выкрэслівае з памяці падзеі, адыходзяць людзі. Але жыццё кожнага чалавека ўнікальнае. Осабліва, калі гэты чалавек – паэт. Ён па-за часам.
Роля “папялёўскага” перыяду творчасці (1988 – 1996) Міколы Купрэева ніколі не аналізавалася, таму хацелася б спыніцца на гэтым значным этапе яго біяграфіі.
Вялікі творчы вандроўнік М.Купрэеў сваю літаратурную дзейнасць пачаў у 1957 г. У 1967 г. невялікім тыражом выйшаў яго першы зборнік паэзіі “Непазбежнасць”, які выклікаў інтарэс у чытача, і зараз з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю. Аб кнізе шмат пісалі ў беларускай перыёдыцы, нават адзначылі ў маскоўскай “Правде” ў аглядзе беларускай літаратуры. Паэту тады было 30 год. Без перабольшвання можна сказаць, што гэты зборнік стаў сапраўднай з’явай. Вершы яго настолькі выбіваліся з кантэксту беларускай савецкай паэзіі, што наўрад ці былі б надрукаваны, калі б не дапамог А.Вярцінскі, які адрэдагаваў кнігу на грамадскіх пачатках. Вядома, што ў тыя гады кнігі пачыналіся вершамі-гімнамі, одамі ў адрас партыі і яе кіраўнікоў. М.Купрэеў у сваёй кнізе заявіў: “Гімнаў не будзе. Шэптам грымне элегія”. Калі ж па патрабаванню душы ён звяртаўся да гімнаў, то прысвячаў іх роднаму полю, лесу, рэчцы, любаму краю, дзе заўсёды радыя гасцям. Кніга “Непазбежнасць” ў асноўным складаецца з балад і элегій, таму ў ёй пераважаюць ціхія, павольныя інтанацыі. У гэтым ключ да разумення паэзіі М.Купрэева. Ціха – пра самае дарагое, самае важнае. А той, хто ўмее думаць, чытаць сэрцам, пачуе, уловіць гэта ў ціхай споведзі. У.Калеснік таксама адзначыў гэта: “У вершах “Непазбежнасці” часта сустракаецца слова “цішыня”. І гэта, відаць, не слова, гэта вобраз, які закючае ў сабе істотны момант аўтарскага ўяўлення аб гуманізме”.
Шмат было ў Купрэва недобразычліўцаў, таму што нестандартным быў паэт, на ўсё меў ўласную думку. І хоць вялікім славалюбцам не з’яўляўся, заўвагі і папрокі ў свой адрас успрымаў балюча, і ў ранімай і ўражлівай душы буйна прарос зернем недавер і сумніў да ўласнай творчасці. Пасля “Непазбежнасці” паэт надоўга замаўчаў.
На працягу 1967 – 1988 гг. Купрэеў знік з паэзіі, можна сказаць, схаваўся ад самога сябе ў недрах Палесся. Як успамінаў літаратар, ён любіў знікаць і раней, але гэта знікненне было асаблівым: ён замаўчаў і не напамінаў аб сабе каля 20 год. Качавое жыццё, адсутнасць жылля, часовая праца, выпадковыя заробкі – сталі спадарожнікамі паэта-бадзягі на дзесяцігоддзі.
Так, напэўна, і закончылася б жыццё. Але ўмяшаўся выпадак. Купрэеў сустрэўся са сваімі былымі вучнямі. Адзін з іх, які, напэўна, прыняў самы дзейсны ўдзел у яго лёсе, – М.Д. Антаноўскі – паэт, былы рэдактар газеты “Раённыя будні”, сказаў аб настаўніку: “Міколу Купрэева – паэта і чалавека – ведалі многія ў розных кутках Беларусі. Ведалі па-рознаму: хто павярхоўна, хто сутнасна, хто – так сабе, хто – са знакам “плюс”, хто – са знакам “мінус”, хто аб’ектыўна, хто – прадузята…”. Менавіта вучні падтрымалі Купрэева. Яны дапамаглі ўладкавацца на працу ў Папялёўскую сярэднюю школу. Праўда, не па спецыяльнастці, а на пасаду настаўніка гісторыі.
У 1995 г., амаль пасля 30-гадовага перапынку, быў надрукаваны зборнік паэзіі М. Купрэева “Правінцыйныя фантазіі”. Кніга прозы “Палеская элегія” (5 аўтабіяграфічных аповесцяў) была напісана ў кан. ХХ в., а выдадзена пасля смерці літаратара ў 2007 г.
Купрэеў з 1994 г. з’яўляўся сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1996 г. быў адзначаны дыпломам Брэсцкага абластнога аддзялення Беларускага фонда культуры “Берасцейская зорка’95” у намінацыі “Літаратура”. У 1996 г. – прадстаўлены на Дзяржаўную прэмію імя Я.Купалы за кнігу “Правінцыйные фантазіі”, але не атрымаў яе. Затое яму далі аднапакаёвую кватэру ў Пружанах і прэмію Саюза пісьменнікаў імя А.Куляшова. У 2002 г. за аповесць “Пастух у космасе” ён атрымаў “Берасцейскую мядовую літаратурную прэмію”. Яшчэ адной узнагароды паэт не ўбачыў. Кніга “Палеская элегія” была ўдастоена Літаратурнай прэміі імя У.Калесніка ў 2007 г. Дарэчы, менавіта Калеснік першым сярод прафесійных крытыкаў па-сапраўднаму затурбаваўся, калі пасля зборніка “Непазбежнасць” (1967) у Купрэева пачалася працяглая творчая дэпрэсія, пагражаючы знікненню паэта з літаратурнага гарызонту. Характарызуючы яго творчасць, Калеснік пісаў: “Спантанасць выяўлення абвостраных пачуццяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, – характэрны каларыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сцежках быцця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненні часам такія рызыкоўныя, што ў душы з’яўляюцца дысаніруючыя рэакцыі, якія гашаюць адна другую, пакідаючы адчуванне збянтэжанасці і патрэбу ў ахоўных рэакцыях: густ хоча пратэставаць супраць бесцырымонных выпрабаванняў”.
Вёска Папялёва ў вершах і прозе М.Купрэева нідзе не ўзгадваецца. Гэта цудоўнае месца на ўскраіне Белавежскай пушчы. Яшчэ на пад’ездзе да яго з’яўляецца ўражанне, што трапляеш у казку: сонечныя промні не могуць прабіцца праз пераплеценныя кроны дрэваў у бясконцым тунэлі, і, здаецца, штосьці дзіўнае чакае цябе ў гэтым зялёным доме. Толькі вырваўся з яго, а перад вачамі – стары вялізны дуб, які расце на ўездзе ў вёску.Такія дубы рэдка дзе ўбачыш: магутная крона, трэшчыны ў кары – пячатка старасці. Напэўна, аб многім мог бы распавесці гэты дуб. А далей па абедзьвюх баках вуліцы таксама растуць дубы. У буру яны шумяць трывожна, нават грозна, нібыта на варце, нібыта ахоўваюць… Навокал лес! Летам ён напоўнены птушынымі спевамі, а вясной ў ім стаіць салодкі пах бярозавага соку.
Іменна сюды трапіў у 1988 г. М.С.Купрэеў пасля доўгіх вандровак па родным краі і тут пазнаў у радасць адраджэння творчасці, прызнання і славы. Папялёва стала месцам аднаўлення Паэта.
Купрэеў жыў і працаваў у Папялёве з 1988 па 1995 гг. Яго кватэра – два пакоі, знаходзілася на другім паверсе школьнага інтэрната. Пакоі вялікія (дом быў пабудаваны ў 1939 г. і належаў пану Сатару). З вокнаў былі бачны толькі бяздоннае неба і лес. У той час Купрэеў быў вельмі хворым чалавекам: прастуджаны лёгкія, балелі ногі. А яму кожны дзень па некалькі разоў прыходзілася ўздымацца і сходзіць па стромкіх прыступках. Але ён не скардзіўся. Ёсць дах над галавой, праца.
Жыццё наладжвалася. У школе з калегамі ён быў ветлівы, але не больш. Аб сабе гаварыў мала. Яму даверылі класнае кіраўніцтва ў 9 класе. Былыя вучні ўспаміналі, што ён не ўмеў крычаць і сварыцца, але, калі ціха-ціха гаварыў, было вельмі сорамна. А на ўроках гісторыі ён заўсёды прыводзіў прыклады з літаратуры.
Па ўспамінах жыхароў Папялёва, Купрэеў быў вельмі непераборлівы ў побыце, нешматслоўны з незнаёмымі, але са сваімі, вясковымі, любіў пагаварыць аб жыцці, аб працы; у вёску выходзіў толькі ў касцюме, снедаў у школьнай сталоўцы, вечарам хадзіў за малаком да Н.А.Мяшэчка, якая жыла бліжэй за ўсіх да яго дома. Ён ніколі не павышаў голас, нікому не навязваў сваёй думкі, не гаварыў аб сабе як аб паэце. Купрэеў жа так адгукаўся аб папялёўцах: “Жыў у вёсцы, у пушчы, суседзі былі добрыя, не злоўжывалі маімі слабасцямі”.
Купрэеў палюбіў Папялёва. “Мне – лес шуміць, мне – зоркі свецяць!” – пісаў ён, адчуваючы сябе часткай гэтага пушчанскага свету.
Выязджаў з вёскі нячаста, звычайна ў санаторый. Да яго таксама зрэдку наведваліся А.Каско, М.Антаноўскі, М.Пракаповіч, Л.Галубовіч – яго вучні і сябры. У вёсцы ён блізка зышоўся з У.Цануніным, бежанцам з Чарнобыльскай зоны, настаўнікам, бардам, турыстам і краязнаўцам. Цануніны былі суседзямі Купрэева, жылі на першым паверсе інтэрната. Купрэеву прысвечаны гэты верш Цануніна:
Шкрабе тужліва вецер па страсе
Старое грушы лапаю-галінай.
А па мансардзе тупае сусед,
Кульбакай адмяраючы хвіліны.
Рыпіць дзвярэй іржавая пятля,
Сухотны кашаль выгінае плечы —
Радкі яго баладнага жытла
І, мабыць, абыякавасці нечай
Запалка, нібы знічка, мільгане
Ля хаты ў пераспелых белых росах.
А потым у адчыненым акне
Свяціцца будзе зорка папяросы.
А ноч у травах дыхае вясной,
Дубы стаяць прыціхлыя ў туманах.
I б’ецца ў скронях слова, як віно,
Каб набрыняць у вершах акаянных.
I скалануць здзічэлы гэты свет
Ці патрывожыць хоць напалавіну —
Таму ўсю ноч і тупае сусед
Кульбакай адмяраючы хвіліны.
У размове з Л.Галубовічам Купрэеў гаварыў: “У Папялёве быў прастор, воля, пушча – паэзія…, а ў Пружанах – тратуар, асфальт, лесвіца, блочны пакой – сармяжная проза… Так, у Папялёве, у Белавежскай пушчы, я стаяў ля свайго дома ў мансардзе і – бачыў: во – пушча, во – дрэвы, там – крушня, во – птушкі, во – ляцяць дзікія гусі, во – ідуць маладыя, прыгожыя суседкі з кароўніка, во – яны трохі паспалі, управіліся дома па гаспадарцы і зноў ідуць на ферму, а во – ідзе паштарка, яна падымаецца да мяне па крутой драўлянай слізкай лесвіцы (ты яшчэ помніш, Лёня, лесвіцу, вядома?), дае чаканы канверт і міла, цёпла ўсміхаецца мне… у Пружанах, у горадзе, усяго гэтага няма. Тут пляцоўка перад дзвярыма маёй кватэры – запляваная, закіданая недапалкамі, а прыступкі пад’езда – у россыпе дробных каменьчыкаў, на якіх я спатыкаюся сваімі хворымі нагамі, бо, калі дом будаваўся, надта мала сюды далі цэменту, будаўнікі яго прапілі… таму я еду пісаць сваю “сармяжную прозу” ажно ў тубдыспансэр ці як яго яшчэ называюць: “Санаторый Вярховічы”. Там – імітацыя маёй папялёўскай пушчы”.
Памалу паляпшалася здароўе, наладжваліся адносіны з вяскоўцамі, пачалі запрашаць на творчыя сустрэчы, літаратурныя вечары. Уладкаванасць побыту, праца, адносны камфорт прабудзілі да жыцця творчую энергію і фантазію, далі магчымасць усе філософскія роздумы і назіранні адлюстраваць на паперы.
У Папялёве, у вельмі сціплай кватэры, нараджаліся, выношваліся новыя вершы, якія ўвайшлі ў кнігу “Правінцыйныя фантазіі”. Гэта невялікая кніга выклікала даволі значны рэзананс у літаратурным асяроддзі глыбінёй зместу, чысцінёй і дакладнасцю паэтычна выказаных думак. Сапраўды, зборнік невялікі, усяго 90 старонак, але колькі ў ім перажыванняў, пачуццяў. Тут сабраныя розныя па жанры і настроі вершы. Гэта і строгія балады, і пранізліва сумотныя элегіі, і лірычная паэзія. Кожны чалавек у вершах Купрэева знойдзе нешта сваё, блізкае, таму што ў вершах адчуваецца чалавечнасць, дабрыня, любоў да людзей, да роднага краю. Суперажыванне, спачуванне бядзе, захапленне светам прыроды, людзьмі гучыць ў вершах паэта. А.Майсейчык пісаў аб зборніку: “З друку выйшаў другі зборнік М.Купрэева “Правінцыйныя фантазіі”. У ім змешчаны зусім не вершы-летуценні. Зусім не правінцыйныя яны па змесце. Амаль кожны твор … ўяўляе сабою глыбокі роздум паэта над сваім лёсам, які склаўся мо і нешчасліва, але даў жыццё непаўторна адметнай яго паэзіі”. А.Крэйдзіч аб “Правінцыйных фантазіях” сказаў: “Купрэеў піша як рэдка хто з паэтаў мала, і зноў жа як мала хто – моцна… Позірк М.Купрэева заўсёды быў і застаецца вострым і праніклівым. Гэта позірк публіцыста – жорсткага і бескампраміснага. Таму і большасць вершаў Купрэева глыбока публіцыстычныя па сваёй сутнасці, па ўнутранаму зместу. І адначасова лірычныя. Перавага паэта, асабліва такога кшталту, як Купрэеў, я б сказаў – элітнага, у тым, што ён сваю думку можа данесці да чытача… двума – трыма яркімі, запамінальнымі радкамі, тады як публіцысту для гэтага спатрэбяцца старонкі”.
Вершы М.Купрэева нетрадыцыйныя па форме, але маюць традыцыйны пачатак. Іх выток у беларускім фальклоры. Адсюль і любоў да верлібра, прытчы, казкі. У вершах паэта няма рыфмы. Ён піша белым вершам. Але гэты твор мае магчымасць з’яўлення рыфмы.
Купрэеў гаварыў: “Перад тым, як пачаць пiсаць верш на чыстым аркушы паперы, трэба паглядзець на сябе ў люстэрка – каб яшчэ раз пераканацца, што ты з твару не падобны нi на каго ў свеце”. Ні на што не падобныя і “Правінцыйныя фантазіі”.
Ясна выдзяляюцца ў зборніку папялёўскія матывы. Гэта: любоў і прырода, прырода і Беларусь, лес, жыццё.
Напрыклад, верш “Жанчына”. Каму ён прысвечаны? Можа жанчыне, якая працавала няняй у школьным інтэрнаце, дзе жыў Купрэеў? А, можа, – гэта збіральны вобраз любой жанчыны з Папялёва.
Вачамi пазвала пад дрэва густое,
Абняла, пацалавала…
Пайшла з-пад дрэва на свой падворак,
Паклікала пеўня, а куры за ім…
Адштурхнула, шапнула: “Iдзi”…
Верш насычаны дзеяслоўнымі формамі, якія даюць адчуванне руху, дзеяння, парывістасці. Няма апісанняў ні знешнасці лірычнай гераіні (толькі “белыя ногі”), ні яе перажыванняў. Але за яе дзеяннямі адгадваецца звыклая да працы, шчодрая душой (выратавала ластаўку) жанчына, якая любіць, стварае прыгажосць і дорыць шчасце. Дзіўная і значная метафара: падкінула ўверх парваныя каралі – заззялі зоркі. Усё, да чаго дакранаецца такая жанчына, робіцца прыгожым.
Кожны лірычны верш Купрэева прадстаўляе глыбокія роздумы над лёсам Радзімы, яе гісторыяй, над сваім лёсам, які склаўся нешчасліва, але даў жыццё яго непаўторнай паэзіі.
Тонкую сувязь са светам прыроды ён адчувае сэрдцам. Ён – частка яе, таму бярозка, галінкі якой стукалі ў акно паэту, – добры і разумеючы субяседнік, самотны ў свеце елак, як і ён сярод людзей.
Мiлая бярозка, не бядуй:
Мы яшчэ з табою ўстрапянемся.
Толькi заўтра на зары
У сукенку найбялейшую адзенься.
Белую кашулю я i сам
На сябе надзену, прычашуся.
I пойдзем мы з табою каля рэк,
Нашай добрай, роднай Беларусi.
Белы колер адзення тут як сімвал нейкага душэўнага і фізічнага абнаўлення, якім жыве лірычны герой верша.
Свет прыроды, таямнічы, неразгаданы, блізкі паэту. Дрэва, воўк, чалавек – героі яго вершаў. Казачнасць вобразаў, фальклорныя матывы характэрныя для вершаў Купрэева.
Сімвалічны яго воўк. Ён з’яўляецца самотны і непрыкаянны з пушчы:
Акно вечарэе. Калiна цвiце
Хмара над хатай расце…
У гэтую непагадзь папрасіўся да паэта пагрэцца воўк:
Я хату яму адчынiў,
Старэнькi кажух пасцялiў…
Мы разам з ваўком ляглi
На харошай авечай зямлi.
Напэўна, і сябя ён бачыў такім жа непрыкаянным:
…Свiтае акно. I калiна цвiце
Воўк па дарозе ў пушчу брыдзе.
Воўк самотны. Самотны, як воўк, і паэт.
У меланхалічнай, прасякнутай смуткам элегіі “Як жывецца ў маiм хаосе?” яму хацелася б аб’яднаць чужы лад з уласным хаосам:
Цягнуць мяне з маiм чорным лёсам
Д’ябал – у пекла, анёлак у рай.
Мiж Ладам тваiм і маiм Хаосам
От і жывi тут – хоць памiрай.
Свой лёс – “чорны лёс” – жахлівае ўсведамленне свайго жыцця. Але іншага не будзе. Уладкаванасць жыцця, спакой не дадзены яму.
Роздумы аб жыцці пераплятаюцца з думкамі аб краіне, мове. Паэт турбуецца за лёс беларускай мовы: “Калі … патухае святло нацыі, яе духоўнай культуры, яе адметнейшага знаку – мовы, то гэта адаб’ецца на чалавечай супольнасці… Бо можа пачацца найгоршае – забыццё… А далей дэградацыя духоўная – дэградацыя моўная…”.
Паэт усёй душой любіў Беларусь. Жахліва яму бачыць сляды Чарнобыльскай трагедыі:
Абкарналi цябе, знявечылi,
Вотчына мая горкая…
Белая птушка
Над тарфянiкамi, пагоркамi
Махае крыламi нявiннымi…
Махае крыламi і падае
На атручаныя сенажацi
Белай птушцы
Калюча над роднаю пожняю,
Балюча над роднай хатай…
У пагібелі “белай птушкi” вінаватая безгаспадарчасць чалавека, якая і прывяла да чарнобыльскай трагедыі, да бежанства без вайны.
Вайна нанесла страшную рану паэту: на яго вачах была растраляна маці. Тэма вайны гучыць у многіх творах Купрэева. Недалёка ад яго кватэры ў Папялёве стаяў абеліск загінуўшым пры вызваленні вёскі салдатам і аднавяскоўцам, знішчаным у гады Вялікай Айчыннай вайны. Магчыма, гэта навеяла ў “Правінцыйных фантазіях” арыгінальнае ўвасабленне тэмы вайны – неверагоднае вяртанне загінуўшых і іх адыход, якія кранаюць да слёз:
3 брацкіх магіл
з-пад Курска, Варшавы, Берліна
вечарам майскім прыйшлі ў Зацішша
забітыя Вася, Валодзя і Міша.
Вася — з асколкам у сэрцы,
Валодзя — з прабітымі скронямі.
Міша — сляпы і бязрукі.
Спыняецца Вася ля роднае хаты:
вясёлых гасцей у пакоях багата,
сядзіць яго ўнучка на покуці ў вэлюме.
Дзед малады ля парога ўсміхнуўся,
родным дзвярам пакланіўся
і ціха пайшоў пад Курск.
Спыніўся Валодзя ля крайняй хаціны:
за акном пасівелая Кацярына
стаіць з ручніком, палівае на рукі мужчыне.
Першы муж ля парога з прабітымі скронямі
шэпча: «Жывіце»,
пакланіўся абноўленым веснічкам,
ціха пайшоў пад Варшаву.
Сем метраў адмераў ад мосціка Міша —
прытуліўся шчакой да парэпанай вішні…
За акном ці сабе, ці суседцы, плачучы,
маці чытае:
«Мамачка, добры дзень!
Я жывы і здаровы і скора вярнуся»…
Хацеў крыкнуць — ды голас прастыў у магіле,
хацеў пастукацца ў шыбу…
Ціха пайшоў пад Берлін.
Вось яно: жыццё, памяць, усё, за што ваявалі, – усё ў адным кароткім вершы. Неверагодна, але як праўдзіва!
Пушча з яе таямнічым шумам і цішынёй, вёска з яе працавітымі людзьмі, жыццё, у якім усяму ёсць месца: адчуванням, сяброўству, каханню, раздумам, – усё гэта мы бачым у вершах Купрэева. І ўсё гэта было выклікана да жыцця Папялёвам.
Ф.Яфімаў пісаў: “Мiкола Купрэеў не належыць па ўзросце да новага пакалення. Але яго “белыя”, вольныя вершы, некаторыя ягоныя вобразы дзiўным чынам супадаюць з вобразамi маладзейшых. Можна лiчыць, што своеасаблiвасць паэта заключаецца ў тым, што ён, нiбы з’яднаўшы ў сабе два пакаленнi беларускай паэзii, знайшоў нейкую меру ў злучэннi новай формы са “старым добрым” зместам, гэта значыць – рэалiстычным у аснове. Як яму гэта ўдаецца? Не ведаю. У паэзii ўсё залежыць ад асобы паэта”.
В.Гардзей сказаў: “Паэзія неардынарнага позірку, тэматычна разнастайная і нечаканая яшчэ і сягоння, калі і сам творца заснуў вечным сном у “глыбокім пад крыжамі ляску”, выклікае непадробную цікавасць і зацяжныя спрэчкі. Цяпер ужо ніхто не пярэчыць, што Мікола Купрэеў быў яркім прадстаўніком і носьбітам, так званага, новага стылю, які зарадзіўся на пачатку шасцідзесятых гадоў… Творы яго, знешне нязграбныя, часцей з “непрычэсанай”, дысананснай рыфмай, з перавагай верлібру і белага верша… У пошуках свайго адметнага, самабытнага стылю, які пазней назвалі “купрэеўскім”, пісьменнік трапіў у магутныя паэтычныя абдымкі Музы”.
У вершах Купрэева няма пустых словаў. Яго вершы не заварожваюць, а глыбока кранаюць душу. Да М.Купрэева кожны прыходзіць сам, таму што ён вельмі многа можа і хацеў сказаць. Яго вершы трэба чытаць і перачытваць.
М.С.Купрэеў пладавіта тварыў і ў прозе, асабліва ярка раскрыўшыся ў апошнія гады жыцця. У “папялёўскі” і “пружанскі” перыяды былі створаны аповесці: “Дзіцячыя гульні пасля вайны” (1995), “Імгненне светлае” (1996), “Па вуліцы Карла Маркса з Паэтам” (1997), “Палеская элегія” (1998), “Рэчкаю плывём. Плывём…” (1999), “Пастух у космасе” (2002), “Лісты з млына” (2004). Аповесць “Дзіцячыя гульні пасля вайны”, якую першым надрукаваў часопіс “Крыніца”, была прызнана лепшым празаічным творам 1995 г. Самыя розныя літаратурныя крытыкі, аналізуючы прозу Купрэева, прыходзілі да агульнай высновы: лірычная проза аўтара шчырая і праўдзівая, гуманістычная ў сваёй аснове. С.Грышкевіч ў артыкуле “Адвечныя лісты з млына…” ў газеце “Заря” пісаў: “У беларускай прозе апошніх гадоў рэдка калі сустрэнеш падобную шчырасьць, без штучнага схематызму ў дыялогах, ненатуральных паводзін, сэрыяльнай тэатральнасці, навамодных сэксуальных выкрунтасаў… Аказваецца, пра каханне можна пісаць так, каб быць сучасным ва ўсе часы. Каб табе верылі, як уласна перажытаму”.
Шмат матэрыялаў для аповесцяў Купрэеў знаходзіў на Пружаншчыне. У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” ёсць некалькі яго запісаў успамінаў жыхароў в.Папялёві і ваколіц аб вайне, перепіска з краязнаўцам, ураджэнцам в.Роўбіцк, – М.П.Клімцом і інш.
“Папялёўскі” перыяд жыцця і творчасці стаў для М.С.Купрэева своеасаблівай працяглай “болдзінскай восенню”, “літаратурным рэнесансам”. Паэт здолеў вярнуцца да жыцця, да творчасці. Пасля шматгадовых бадзянняў і безпрытульнасці паэт знайшоў тут Дом, месца, дзе ўсё было яго, куды можна было вярнуцца з паездак, дзе яго паважалі. Але самае галоўнае, паэт здабыў натхненне і стаў тым Купрэевым, якога ведаюць сёння.
Памёр М.Купрэеў 19 верасня 2004 г. у доме састарэлых у пас.Лясная Баранавіцкага раёна. Пахаваны ў Міхнавічах на Івацэвіччыне. На надмагільным камені ружанскі майстар Ю.Малышэўскі адлюстраваў барэльеф паэта і радок, які пачынаў першы зборнік М.Купрэева “Непазбежнасць”: “О, я многа хацеў вам сказаць”. У Пружанах на доме № 12 па вул.Юбілейнай, у якім жыў Купрэеў, ёсць мемарыяльная дошка.
У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” сёння захоўваецца вялікі архіў М.С.Купрэева, выдзелена асобная калекцыя, якая налічвае каля 500 адзінак асноўнага фонду. На асобных аркушах, абрыўках паперы, школьных сшытках, нават на кардзіяграме – радкі, напісаныя рукой Мікалая Сямёнавіча – усяго 384 рукапісы (вершы, проза, рабочыя матэрыялы, выпіскі з газет, часопісаў, цытаты і інш.), макет кнігі “Правінцыйныя фантазіі” з пазнакамі Л.Дранько-Майсюка. Усё, што пройдзена і перадумана, перажыта і прачута вылілася ў вершы. У калекцыі – лісты ад Я.Брыля, А.Мальдзіса, А.Каско, Я.Саламевіча, А.Разанава, Л.Галубовіча, А.Пашкевіча, В.Грышкаўца, В.Кухарчука, В.Гардзея, З.Мельнікавай, А.Гардзіцкага, В.Ярца і інш.; кнігі, газеты, часопісы, дакументы – у тым ліку: білет сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі, Дыплом лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова, Ганаровая грамата Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дыплом “Берасцейская зорка’95” і інш.
Наталля Пракаповіч,
Святлана Собаль,
Дар’я Місюля
Выкарыстаны матэрыялы з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, газеты “Раённыя будні” і асабістых архіваў аўтараў