Адраджаецца “Смаляніцкі Святок”

22 мая 150-годдзе з часу асвячэння адзначыў храм свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў вёсцы Смаляніца Пружанскага раёна.

Нягледзячы на халоднае надвор’е на храмавае свята сабралася вялікая колькасць людзей – прыхаджане, жыхары навакольных вёсак і іншых населеных пунктаў раёна, святары, а таксама самадзейныя артысты і майстры народнай творчасці.

Пасля царкоўнай службы да ўсіх гасцей, якія прыехалі ў Смаляніцу, звярнуўся настаяцель Сергій Худзяеў. А на прыхрамавай тэрыторыі былі прадстаўлены канцэртныя праграмы, падрыхтаваныя Навасёлкаўскім сельскім Домам культуры. Так, аматарскае аб’яднанне “Благасць” (кіраўнік І.Чайко) запрасіла на літаратурна-музычную кампазіцыю “Свяціцелю Мікалаю”. Далей свята прадоўжыла народнае аматарскае аб’яднанне “Смаляначка” (кіраўнік А.Харытановіч), якое выканала мясцовыя песні і запрасіла ўсіх жадаючых на майстар-клас па беларускіх народных танцах.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў мерапрыемства выклікала выстава работ майстроў народнай творчасці, у тым ліку кіраўнікоў студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Пружанскага гарадскога Палаца культуры. Можна было не толькі палюбавацца работамі, але і навучыцца з дапамогай майстроў ствараць прыгожыя рэчы з саломкі, паперы, маляваць на шкле, бліжэй пазнаёміцца з такімі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як ганчарства, вышыўка, ткацтва.

Спадзяемся, што “Смаляніцкі Святок”, які шмат гадоў таму назад збіраў вялікую колькасць людзей на агульны фэст духоўнасці і творчасці, адродзіцца і зноў стане традыцыйным і папулярным.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий