Прачытаўшы артыкул пра свайго бацьку, скульптара Івана Васільевіча Хоміча з Брадоў, яго дзеці – Вольга і Іван – вырашылі зрабіць музею-сядзібе “Пружанскі палацык” каштоўны падарунак. Яны перадалі ў фонды скульптуру Івана Хоміча “Смутак”, якую ён стварыў з дрэва ў 1971 годзе.
Усё жыццё Іван Васільевіч працаваў у станкавай скульптуры. У яго творчасці выразна прасочваецца зварот да жаночых вобразаў. Скульптар лічыў, што жаночы твар па-асабліваму перадае эмоцыі і перажыванні.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Іван Хоміч жыў з маці ў акупіраванай немцамі вёсцы. У малалетнім ўзросце ён бачыў усе нягоды ваенных часоў, боль і перажыванні маці ў гэтыя гады. Мабыць таму, цэлая галерэя жаночых скульптурных вобразаў выйшла з-пад таленавітых рук майстра ў пасляваенны час.
Гледзячы на скульптуру “Смутак”, няцяжка здагадацца, што хацеў перадаць майстар. Жанчына смуткуе, перажывае, аплаквае роднага чалавека, які загінуў у час вайны. У ёй заключаны боль мільёнаў беларускіх жанчын, якіх напаткаў такі ж гаротны лёс.
Сёння творы нашага земляка Івана Васільевіча Хоміча (1936 – 1992) знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, цяпер – і ў Пружанскім палацыку.
Новы экспанат можа ўбачыць любы наведвальнік музея. Скульптура І.В.Хоміча “Смутак” экспануецца на выставе “Генацыд на Пружаншчыне: па матэрыялах расследавання”.