17 лютага 70-годдзе з дня нараджэння адзначае наш зямляк, беларускі мастак-манументаліст і жывапісец Уладзімір Васільевіч Крываблоцкі.
Ён нарадзіўся ў 1952 г. ў в.Хвалава Пружанскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Яго дыпломнай работай стаў 2,5-мятровы трыпціх “Хатынь”.
Пасля заканчэння школы-інтэрната ў 1971 г. У.В.Крываблоцкі прадоўжыў вучобу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе вучыўся ў вядомых беларускіх мастакоў – У.Стэльмашонка, Г.Вашчанкі, А.Кішчанкі і інш.
З 1976 г. Уладзімір Васільевіч з’яўляецца ўдзельнікам мастацкіх выстаў. Асноўныя тэмы яго творчасці – Беларусь, яе гісторыя, людзі, навакольнае асяроддзе.
Крываблоцкі прымаў ўдзел у рэканструкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, аздабленні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Ён аўтар такіх вядомых твораў як роспіс “Дзеля жыцця на Зямлі” ў Музеі народнай славы г.Ушачы, за які быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі ў 1986 г., паліпціха “Рэквіем” у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, за стварэнне якога мастаку была прысвоена Дзяржаўная прэмія Беларусі ў 2004 г., мазаікі “Зямля” на фасадзе Брэсцкага электрамеханічнага завода і інш.
Уладзімір Крываблоцкі з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Ён заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”. Яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі і культуры і інш. вядучых музеях рэспублікі.