3 мая 1588 года ўладальніца Пружан каралева польская і вялікая княгіня літоўская Ганна Ягелонка даравала гораду Магдэбургскае права разам са статусам, пячаткай і гербам: на срэбраным полі выява блакітнага каранаванага вужа, з пашчы якога з’яўляецца дзіця.
Аднак, грамату на атрыманне гэтых асаблівых правоў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза падпісаў 6 мая 1589 года. Таму менавіта гэты дзень лічыцца афіцыйнай датай атрымання Пружанамі Магдэбургскага права.
За сваю гісторыю горад некалькі разоў змяняў свае сімвалы. Напрыклад, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай поле гербавага шчыта было падзелена на дзве часткі: у верхняй частцы знаходзіўся герб “Пагоня”, а ў ніжняй – зубр. У 1845 годзе адбылася чарговая змена: у залатым полі герба размясцілі елку з паляўнічым рогам на галінцы. У хуткім часе на шчыце з’явілася выява зубра. У 1921 – 1939 гг. падчас уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы горад меў герб, вельмі падобны да першага геральдычнага знаку.
У 1998 годзе Пружаны адрадзілі свой сімвал – гістарычны герб Ганны Ягелонкі, які выкарыстоўваецца і па сённяшні дзень.
Сярод розных музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, ёсць дакументы з выявамі гарадскога герба. Сярод іх – даведка аб ўдаўстве, выдадзеная магістратам г.Пружаны 12 лютага 1929 года, на якім можна ўбачыць вядомую ўсім выяву вужа.