Міжнародны дзень дзіцячай кнігі

2 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Датай яго святкавання па прапанове некамерцыйнай арганізацыі Міжнародны савет па дзіцячай і юнацкай літаратуры ў 1967 годзе быў абраны дзень нараджэння сусветна вядомага дацкага казачніка Ханса Крысціяна Андэрсена (1805 – 1875).

Менавіта да гэтай даты ў Рэспубліцы Беларусь быў прымеркаваны Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, які штогод праходзіць падчас вясновых канікул. У гэты перыяд бібліятэкі праводзяць вялікую колькасць самых разнастайных мерапрыемстваў.

Напрыклад, Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка правяла круіз-гульню «Пагуляем, адпачнем, час з карысцю правядзем». Рабяты здзейснілі падарожжа па родным пасёлку, пазнаёміліся з помнікамі архітэктуры і гісторыі, пачулі мясцовыя легенды і паданні. Пазнавальная экскурсія завяршылася на спартыўнай пляцоўцы, дзе дзеці паспаборнічалі ў спрыце і хуткасці.

А юныя чытачы Навасёлкаўскай сельскай бібліятэкі прынялі ўдзел у гульнявой праграме «Знаёмцеся – Баба Яга!». Разам з вядучай дзеці ўспомнілі свае любімыя казкі, паслухалі гукавы ліст ад Васілісы Прамудрай і выканалі «складаныя» заданні Бабы Ягі, а таксама патанцавалі разам з ёй. Мерапрыемства прайшло сумесна з сельскім Домам культуры.

Ружанская дзіцячая бібліятэка запрасіла хлопчыкаў і дзяўчынак на віктарыну «Птушыны калейдаскоп». Школьнікі даведаліся шмат цікавых фактаў аб птушках, паказалі свае веды аб іх. З дапамогай гульні «Веру – не веру» дзеці пазнаёміліся з птушкамі, які жывуць на Пружаншчыне. Да таго ж рабяты наведалі кніжную выставу «Птушыныя перазвоны». Напрыканцы сустрэчы юныя ружанцы зрабілі выснову, што птушкам неабходна абарона, патрэбна беражліва і з любоўю адносіцца да ўсяго жывога. Гэта мерапрыемства ў рамках Тыдня дзіцячай кнігі было таксама прымеркавана да Міжнароднага дня птушак, які сусветная супольнасць адзначае 1 красавіка.

Тыдзень дзіцячай кнігі яшчэ працягваецца.

Запрашаем у бібліятэку!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий