Канікулы і не толькі…

Вясеннія канікулы – гэта час не толькі адпачыць, але і карысна, цікава і весела правясці вольны час, заняцца здароўем і самаразвіццём.

Шэраг устаноў падчас канікул звярнуліся да патрыятычнай тэматыкі. У Мураўскім сельскім Доме культуры адбылася гутарка “Поклонимся погибшим тем бойцам”. Моладзь даведалася аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, а потым наведала помнік загінуўшым землякам, які знаходзіцца ў аграгарадку. Інфармацыйная гадзіна “Хатынь – боль и гнев” прайшла ў Слабудскім сельскім Доме культуры.

Пачаткам серыі мерапрыемстваў для дзяцей у Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы стала праграма “Ура! Канікулы!”. Яе ўдзельнікі спаборнічалі ў разнастайных конкурсах. Усе атрымалі добры настрой і радасныя эмоцыі ад сустрэчы ў клубнай установе.

Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу запрасіў падлеткаў на тэматычную дыскатэку “Вясенні настрой”, падчас якой не толькі танцавалі, але і ўдзельнічалі ў жартоўных конкурсах. Таксама ва ўстанове адбылася вечарына пытанняў і адказаў “Нашы чатырохногія сябры”. Дзеці даведаліся, як правільна даглядаць за хатнімі гадаванцамі.

Гульнявую праграму “Кропелька дабрыні” наведалі рабяты ў Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры. Яны даравалі свае “кропелькі” блізкім і родным, суседзям і усім, хто знаходзіцца каля іх, а потым загадалі жаданні і змясцілі іх ў паветраныя шарыкі.

Белавусаўшчынскі сельскі Дом культуры запрасіў мясцовую моладзь прыняць удзел у віктарыне “Юныя разумнікі”. Рабяты адказвалі на нестандартныя пытанні, рашалі задачы, рэбусы і галаваломкі. Пераможцы і ўсе ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы.

Аўтаклуб арганізаваў у гарадскім Палацы культуры дабрачынную выставу-продаж “Убачыць свет сэрцам”, на якой былі прадстаўлены творы наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А ў Слабудскім сельскім Доме культуры ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Дар” (кір. В.Мятліцкая) зладзілі выставу ўласных работ “Чараўніцтва для матулі”.

Не засталася без увагі і дарослая аўдыторыя клубных устаноў. Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэка правёў гадзіну духоўнасці “Жыціе Матроны Анемнясеўскай (Беляковай)”. А Кляпацкі сельскі Дом культуры правёў вялікі канцэрт, прымеркаваны да справаздачнага сходу адкрытага акцыянернага таварыства “Жураўлінае”.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий