Кожны з нас на працягу ўсяго жыцця носіць у сваім сэрцы часцінку таго месца, дзе ён нарадзіўся. Менавіта нашаму прыгожаму, чыстаму і спакойнаму гораду было прысвечана мерапрыемства “Культурная спадчына майго краю”, падрыхтаванае настаўнікамі і вучнямі харавога і фартэпіяннага аддзяленняў дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны, якое адбылося 19 сакавіка ў зале ўстановы.
Вядучыя распявалі пра багатую падзеямі гісторыю, сучаснае развіццё і помнікі даўніны нашага цудоўнага горада – “Пружанскі палацык” і скульптура “Нараджэнне Мухаўца”, гандлёвыя рады “Белыя лаўкі” і помнік спаленым вёскам раёна, помнік савецкім лётчыкам і сквер памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, алея памяці і помнік С.Гудзімаву, сабор святога Аляксандра Неўскага і касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі. Але галоўная славутасць нашага горада – гэта людзі, сярод якіх – прафесар археалогіі Людвік Прэс, вядомыя лекары Васіль Гарустовіч і Аўгусцін Пацэвіч, аўтар першага ў свеце англа-беларускага слоўніка Валянціна Пашкевіч, паэт Мікола Засім, пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі, оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі і, канечне, Рыгор Шырма, імя якога з гонарам носіць наша школа, і іншыя славутыя землякі.
У канцэрце прагучалі інструментальныя і вакальныя музычныя творы беларускіх кампазітараў у выкананні вучняў і настаўнікаў школы мастацтваў.
Прысутныя шмат даведаліся пра гістарычныя мясціны нашага горада, пазнаёміліся са знакавымі падзеямі і выдатнымі людзьмі. Хочацца верыць, што ўсе мы будзем паважліва ставіцца да памяці, ганарыцца і берагчы наш прыгожы горад Пружаны.