Па традыцыі ў Дзень Канстытуцыі праходзіць рэспубліканская акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Гэты год не стаў выключэннем. 15 сакавіка ў вялікай зале Пружанскага райвыканкама адбылася святочная цырымонія па ўручэнні пашпартаў маладым грамадзянам краіны. Ва ўрачыстай атмасферы галоўныя асабістыя дакументы пружанскім юнакам і дзяўчатам уручылі старшыня райвыканкама Юрый Юр’евіч Бісун і пракурор раёна Аляксандр Міхайлавіч Вярбіцкі. Яны павіншавалі моладзь з гэтай знакавай падзеяй у іх жыцці і дзяржаўным святам.
Падчас мерапрыемства жыхарцы аграгарадка Мурава Марыі Еўтуховіч была ўручана прэстыжная дзяржаўная ўзнагарода – ордэн Маці.
Таксама адбылося прыняцце новых членаў у рады “Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі”. Білеты яны атрымалі ад Аляксандра Бабігорца – першага сакратара раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання.
Да таго ж на свяце адзначылі лепшых спартсменаў, якія атрымалі перамогі на спаборніцтвах рознага ўзроўню.
Сцэнарый урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня Канстытуцыі, падрыхтаваў Пружанскі гарадскі Палац культуры. Яго правялі Алег Строк і Алена Анісеня, з музычным нумарам выступіла салістка ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін” Ангеліна Шумская.