12 сакавіка на струнна-народным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны адбылася вечарына “Пасвячэнне ў юныя музыканты”.
Сцэнарый свята падрыхтавалі настаўнікі аддзялення, а ў ролі вядучых і казачных персанажаў, якія суправаджалі ўсе дзеянні, што адбываліся на сцэне і ў зале, выступілі вучні ўстановы. Але галоўнымі героямі вечарыны сталі першакласнікі, якія на працягу амаль усяго вучэбнага года засвойвалі праграму ўстановы дадатковай адукацыі і пачалі вучыцца ігры на музычных інструментах.
Падчас свята гучалі віншаванні і пажаданні ў адрас юных музыкантаў, былі прадстаўлены лепшыя нумары, а таксама праводзіліся шматлікія конкурсы і віктарыны.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі бацькі першакласнікаў, настаўнікі і госці. Усе атрымалі вялікае задавальненне ад сустрэчы. Гэта было сапраўднае свята музыкі!