Юбілею Рыгора Шырмы прысвячаецца…

Памяці славутага земляка Рыгора Раманавіча Шырмы, 130-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася на мінулым тыдні, быў прысвечаны шэраг мерапрыемстваў ва ўстановах культуры Пружаншчыны.

Найбуйнешым сумесным праектам гарадскога Палаца культуры, дзіцячай школай мастацтваў імя Р.Р.Шырмы і музея-сядзібы “Пружанскі палацык” стала вялікая святочная праграма. У салоне “палацыка” адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел вядомыя калектывы раёна – народны камерны хор, узорны хор “Вітанак” (кір. І.Буланькова) і фальклорны калектыў (кір. К.Гуга) дзіцячай школай мастацтваў, народны струнны ансамбль “Archi” (кір. А.Дыба, В.Гаўра) і народны фальклорны гурт “Бабіна лета” (кір. К.Ідрысава) Ліноўскага сельскага Дома культуры, салісткі С.Машкала і А.Казлоўская. Прысутныя на свяце мелі магчымасць не толькі пачуць выдатныя музычныя творы, але і даведацца аб знакавых падзеях біяграфіі Шырмы, аб якіх распавяла вядучая мерапрыемства А.Анісеня. Бліжэй пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага дзеяча дазволіла фотадакументальная выстава, якую прадставіў у адной са сваіх залаў музей.

Не аставілі па-за ўвагай юбілейную дату і работнікі ўстаноў культуры аг.Лінова. Музычна-літаратурную кампазіцыю “Рыгор Шырма – чараўнік-валадар роднай песні” прапанавалі гледачам сельская бібліятэка, дзіцячая школа мастацтваў і Дом культуры. На імпрэзе прагучалі мясцовыя песні ў выкананні народнага фальклорнага гурту “Бабіна лета”. Вучні Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў прадставілі музычныя творы беларускіх кампазітараў. На вечары прагучала песня “Сэрца дзядзькі Рыгора”. Музыку да верша Н.Гілевіча напісаў зямляк Шырмы А.Янушкевіч. Твор прагучаў у выкананні настаўнікаў школы мастацтваў Н.Нікітчык і А.Пракопчыка.

Некалькі мерапрыемстваў з нагоды юбілею знакамітага ўраджэнца Пружаншчыны прайшло ў в.Новыя Засімавічы. У дзіцячай школе мастацтваў адкрылася выстава “Партытура жыцця Рыгора Шырмы”, якую можа наведаць любы жадаючы. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, копіі дакументаў, разнастайныя выданні, артыкулы з часопісаў і газет. Адзін з раздзелаў экспазіцыі ўключае творы з рэпертуару Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы, а таксама аўдыа- і відэазапісы “Па слядах Р.Шырмы” (запіс Я.Малайчука). Сельская бібліятэка падрыхтавала кніжную выставу “Песня на ўсё жыццё” і літаратурна-музычную вечарыну “Жыццё і песня – народу!”, у якой прынялі ўдзел сябры маладзёжнага клуба “Новае пакаленне”. Рабяты пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Шырмы, паглядзелі фрагменты дакументальнай стужкі “З глыбінь жыцця”, паслухалі песні і азнаёміліся з слайд-прэзентацыяй.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма падрыхтавала для сваіх чытачоў даведачнае літаратурна-краязнаўчае выданне “Чараўнік народнай песні Рыгор Раманавіч Шырма” і кніжную выставу “І сэрца, і песня – народу”. А Пружанская раённая дзіцячая бібліятэка імя А.Лось прадставіла відэапрэзентацыю “Па-сапраўднаму народны”, якую можна паглядзець тут

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий