З мэтай удасканалення каардынацыйнай ролі абласных цэнтраў народнай творчасці, умацавання творчых кантактаў і метадычнага суправаджэння дзейнасці сельскіх клубных устаноў пры аддзелах культуры райвыканкамаў Брэсцкай вобласці былі створаны раённыя арганізацыйна-метадычныя цэнтры. У адпаведнасці з Пастановай Міністэрства культуры БССР ад 25.09.1987 №99 “Аб перабудове работы метадычных служб Міністэрства культуры БССР” па загаду начальніка аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Юрыя Міхайлавіча Котава работнікі культуры Пружанскага раённага Дома культуры і раённай бібліятэчнай сістэмы Святлана Іванаўна Гамшэй і Святлана Уладзіміраўна Петравец былі пераведзены метадыстамі па клубнай і бібліятэчнай дзейнасці. Затым на працу метадыстамі былі прыняты Ларыса Віктараўна Пташац і Вольга Сяргееўна Коверзнева.
Згодна з Загадам Міністэрства культуры БССР ад 06.09.1988 №83 упраўленнем культуры Брэсцкага аблвыканкама быў выдадзены загад №82 ад 18.10.1988, у якім гаварылася: “Стварыць пры аддзелах культуры гаррайвыканкомаў метадычныя цэнтры культурна-асветніцкай работы і мастацкай творчасці”. Раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр афіцыйна пачаў працаваць з 1 снежня 1988 г. Першым яго дырэктарам была назначана Ганна Аляксандраўна Жаўруновіч (да 5 сакавіка 1991 г.), якая раней працавала інспектарам аддзела культуры. Менавіта пры Г.А. Жаўруновіч пачалі ладзіцца злёты народных майстроў раёна і вечары-ўшанаванні ў працоўных калектывах. У 1988 – 1989 гг. у РАМЦ прыйшлі працаваць метадысты Галіна Сцяпанаўна Махнач і Галіна Уладзіміраўна Лапаткіна. У красавіку – жніўні 1992 г. дырэктарам была С.У.Петравец, з жніўня 1992 г. па снежань 1999 г. – С.І.Гамшэй. У гэты перыяд склалася сітэма вучобы кадраў, зарадзіўся шэраг раённых конкурсаў і свят. Шмат увагі надавалася падтрымцы таленавітай моладзі і аматарскай творчасці сельскіх жыхароў. Папулярнасцю карысталіся конкурсы эстраднага мастацтва, патрыятычнай песні і шоу-праграмы “Музычны калейдаскоп”, “Зорка кахання”, “Табе, мае песні, Радзіма”, “Каханне з першага погляду”, “Міс Пружаны”.
Згодна з Пастановай Савета Мністраў Рэспублікі Беларусь “Аб праграме дзяржаўнай падтрымкі традыцыйнай народнай культуры” была складзена раённая праграма “Спадчына”. Пры РАМЦ з’явілася школа народнай творчасці, школа культарганізатараў, клуб народных майстроў “Натхненне”, праводзіліся святы народнай творчасці і фальклору. Упершыню было праведзена свята беларускай песні “Пеўчае поле” у в.Шакуны, прысвечанае творчасці знакамітага земляка Р.Р.Шырмы. У 1995 г. калектыў РАМЦ па выніках абласнога агляду метадычнай работы заняў 3-е месца і быў адзначаны Ганаровай граматай за станоўчую работу па адраджэнні, захаванні і развіцці нацыянальнай культуры, а у 1996 г. творчая дэлегацыя работнікаў культуры раена заняла 1-е месца ў абласным свяце народнага гумару “Спораўскія жарты”(Бярозаўскі р-н).
У гэты час выдаваліся рэпертуарныя зборнікі, метадычныя распрацоўкі і рэкамендацыі па розных напрамках сацыякультурнай дзейнасці. Штогод выпускаліся інфармацыйныя бюлетэні: “Увага! Новая літаратура”, “У клубную гульнятэку”, “Тэатр лялек запрашае”, “За здаровы лад жыцця” і інш. Абагульняўся вопыт лепшых клубных устаноў, амарскіх калектываў, народных майстроў, работнікаў культуры. Сабраны матэрыял быў аформлены у альбоме “Культурнае жыцце раена”.
З кастрычніка 1996 г. па снежань 1998 г. абавязкі дырэктара выконвала Г.С.Махнач. У гэты час РАМЦ былі створаны альбомы “Касцюм Пружаншчыны” і “Песні Пружаншчыны”, ладзілся выставы народнай творчасці, пашыраліся штаты творчых работнікаў. Шмат увагі ўдзялялася метадычнай і практычнай дапамозе клубным установам.
У розныя часы ў РАМЦ працавалі Наталля Казлова, Раіса Небыт, Анжэла Строк, Святлана Карповіч, Валерый Шырма, якія унеслі значны уклад у развіцце культуры раена. Істотны ўклад у станаўленне і развіцце метадычнай службы ў сферы культуры таксама належыць Святлане Іосіфаўне Гуляевай, Юрыю Міхайлавічу Котаву, Віталію Андреевічу Клімчуку.
Са снежня 1999 г. па ліпень 2011 г. дырэктарам з’яўлялася Таццяна Уладзіміраўна Радзівончык. Яна змагла захаваць напрацаваную сістэму і ўнесла новы подых у дзейнасць цэнтра. Работа вялася у адпаведнасці з рэгіянальнымі праграмамі: “Праграма па захаванні і развіцці культуры раёна”, “Праграма па развіцці і падтрымцы народных промыслаў і раместваў”, “Моладзь Пружаншчыны”, “Дзеці Беларусі” і інш. Шмат ўвагі надавалася вырашэнню праблемы арганізацыі вольнага часу моладзі на сяле, чаму спрыяла раённая праграма “Дыскатэка 2008 –2010 гг.”, якая ўключала мерапрыемствы па інфармацыйна-метадычным забеспячэнні дыскатэк, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры.
Не заставалася без увагі РАМЦ работа па адраджэнні і захаванні традыцыйнай культуры. Штогод ладзіліся фальклорныя экспедыцыі ў вескі раёна дзеля збору песеннага матэрыялу, вуснай народнай творчасці. Сабраны фальклорны матэрыял апрацоўваўся, папаўняліся картатэкі. Штогод абнаўлялася картатэка народных умельцаў.
У 2000 г. пры РАМЦ была створана вакальная група “Забава”, у 2009 г. – вакальная група “Пружаначка”. Было актывізавана супрацоўніцтва з Рэспублікай Польшча, фестывальны рух. У 2003 г. у Пружанах прайшло рэспубліканскае свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Асноўным накірункам дзейнасці РАМЦ гэтага перыяду стала падтрымка творчасці насельніцтва і развіццё дзейнасці аматарскіх калектываў, пашырэнне канцэртнай дзейнасці, арганізацыя творчых сустрэч і абменных канцэртаў. Аб гэтым сведчыць рост калектываў са званнем “народны” і “ўзорны”: 1998 г. – 11, 2008 г. – 19. Ганаровае званне “народны аматарскі калектыў” пры сельскіх установах культуры атрымалі народны вакальны ансамбль “Ліцвіны” Зеляневіцкага сельскага Дома культуры і фальклорны гурт “Бабіна лета” Аранчыцкага сельскага Дома фольклору.
З кастрычніка 2004 г. па красавік 2008 г. дырэктарам РАМЦ працавала Людміла Мікалаеўна Якушка. У гэты перыяд акрамя традыцыйных форм вучобы (семінары-практыкумы, вучэбна-мэтадычныя дні, кансультацыі) пры РАМЦ з’явіліся секцыі кіраўнікоў вакальна-харавых і тэатральных калектываў, быў праведзены фестываль эстрадна-джазавых калектываў вобласці “Пружанскі блюз”, абласны семінар для дырэктараў РАМЦ і супрацоўнікаў АГКЦ з паказальным мерапрыемствам “Шляхецкі баль”.
З лістапада 2011 г. па чэрвень 2013 г. раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр узначальвала Аксана Вячаславаўна Кавалевіч. Пры яе ўдзеле з’явіліся такія раённыя мерапрыемствы як цырымонія узнагароджвання таленавітай моладзі прэміяй райвыканкама “Дараванне”, парад Дзедаў Марозаў, свята дзіцячай творчасці “Лесвіца поспеху”, былі праведзены абласныя семінары і кірмашы.
З чэрвеня 2013 г. дырэктарам з’яўляецца Вольга Уладзіміраўна Шэпель.
Сёння дзейнасць установы будуецца на аснове перспектыўных планаў, доўгатэрміновых праграм “Пружаны – здаровы горад”, “Сацыяльная абарона”, “Забота”, “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” і інш. Дзяржаўная установа культуры “Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” была адзначана шматлікімі ўзнагародамі: Дыпломам II-й ступені за арганізацыю работы па патрыятычным выхаванні моладзі і перамогу ў абласным конкурсе творчых праектаў па арганізацыі адпачынку моладзі (г.Брэст, 2016), Ганаровымі граматамі галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама за удзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі” (г.Брэст, 2018), у абласным свяце фальклорнага мастацтва “Таночак” (Драгічынскі р-н, 2017), у абласным песенным форуме “З любоўю да песні” (г.Пружаны, 2017), Дыпломам II-й ступені абласнога свята народнага гумару “Спораўскія жарты” (Бярозаўскі р-н, 2016). Наш агульны поспех – гэта самааданая праца работнікаў культуры, удзельнікаў аматарскіх калектываў, майстроў народнай творчасці.
Ужо сталі традыцыйнымі рэгіянальныя конкурсы “Пеўчае поле”, “Магія танца”, “Музычны калейдаскоп”, “Навагодні сувенір”, святы “Аранчыцкая скарбонка”, “Крыніца – грыбоў сталіца”, конкурс агітбрыгад “Моладзь за здаровы лад жыцця” і інш.
Прайшоўшы боль чым 30-гадовы шлях развіцця ад раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра да дзяржаўнай установы культуры “Пружанская раённая цэнтралізаванная клубная сістэма” (з 05.01.2021), клубная сістэма застаецца галоўным каардынатарам культурных працэсаў у сферы вольнага часу і народнай творчасці Пружаншчыны.