У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” з 14 кастрычніка 2021 года працуе выстава “Палотнаў вышытых узор”, на якой прадстаўлены работы майстрых-вышывальшчыц Святланы Швед і Алены Клімянковай з аграгарадка Клепачы.
Святлана Швед амаль 25 год захапляецца мастацкай вышыўкай. Яна не толькі прысвячае любімаму занятку свой вольны час, але і вучыць вышыўцы ўсіх жадаючых у гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Кляпацкім сельскім Доме культуры. У калекцыі аўтара, які аддае прыярытэт вышыўцы крыжыкам, больш сотні твораў з сучаснымі і народнымі сюжэтамі.
Вышытыя карціны з юнацтва стварае Алена Клімянкова. Больш чым за дваццаць гадоў майстар выканала каля пяцідзесяці маляўнічых палотнаў, вышытых гладдзю. Вядучы матыў яе работ – уласны настрой, які нараджаецца ў сузіранні навакольнага свету.
На выставе “Палотнаў вышытых узор” можна ўбачыць больш за паўсотні твораў, якія напоўнены цеплынёй і любоўю, душэўнасцю і пяшчотай.
Выстава мастацкай вышыўкі будзе працаваць да канца 2021 года.